9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэгіёнах памятаюць пра палітвязняў і зніклых (Фота)

1

Фатаграфіі з выявамі палітвязняў і выкрадзеных у Беларусі палітыкаў і тэлеаператара з'явіліся ў Бярозе Берасцейскай вобласці.

Дзясяткі партрэтаў былі расклееныя актывістамі «Маладога Фронту» на інфармацыйных стэндах, рэкламных слупах і сценах будынкаў. Моладзевыя актывісты расклеілі партрэты ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага, арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, а таксама бясследна зніклых палітыкаў і журналіста.

Нагадаем, што ў беларускіх турмах улады па-ранейшаму трымаюць палітвязняў. Гэта актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

У 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітры Завадскі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках