«Пандэмія грыпу захліснула краіну, паказаўшы гніласць сістэмы аховы здароўя»
83- 26.11.2009, 12:32
Беларускі ўрач Мікалай Шаўлаў звярнуўся з адкрытым лістом да грамадзянаў Беларусі.
Мікалай Шаўлаў з'яўляецца ўрачом-інфекцыяністам, працуе асістэнтам кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
У інтэрв'ю сайту charter97.org медык патлумачыў сваё жаданне выказацца пра агульную сітуацыю з захворваннем на свіны грып у Беларусі наступным чынам: «Проста вырашыў сказаць тое, пра што набалела. У медыцынскіх колах сёння пазіцыя адназначная. Вы можаце спытаць любога рэаніматолага, які сутыкаўся з цяперашнімі пнеўманіямі, і зразумееце, што яго пазіцыя далёкая ад пазіцыі Мінздароўя».
Сайт charter97.org публікуе ліст Мікалая Шаўлава:
«Эпідэмія – распаўсюджванне якой-небудзь інфекцыйнай хваробы, якое перавышае звычайны для гэтай мясцовасці ўзровень захворвання, -- піша Мікалай Шаўлаў -- Пандэмія – эпідэмія, якая ахоплівае шырокія геаграфічныя раёны.
Другі месяц у рэспубліцы палае пажар: пандэмія грыпу захліснула дзяржаву, у чарговы раз паказаўшы гніласць сістэмы аховы здароўя і нашую поўную неабароненасць.
Першы раз я сустрэўся з гэтай праблемай у нядзелю 25 кастрычніка, калі быў запрошаны на кансіліум у рэанімацыю ў 6 клінічны шпіталь. Бачачы першыя выпадкі незвычайнага працякання пнеўманіі, я сказаў галоўнаму пульманолагу Мінздароўя Беларусі, што мы маем справу з атыповай пнеўманіяй і выклаў пазіцыі, па якіх трэба дзейнічаць. Калега паабяцала, што заўтра ж дакладзе пра гэта ў Мінздароўя. Што было далей – не ведаю, у Мінздароўя я не ўваходжу. Прахварэўшы 2 тыдні, увесь час атрымліваў інфармацыю ад урачоў з розных гарадоў рэспублікі, але нічога вытлумачальнага не мог знайсці на сайце Мінздароўя. Выйшаўшы на працу пасля хваробы, я выклаў па пунктах пазіцыі і падаў іх галоўнаму інфекцыяністу Мінздароўя. У адказ пачуў, што ўжо даўно ўсё робіцца і захворванне ідзе на спад. Вось ужо сапраўды «у Багдадзе ўсё спакойна».
Усё, што змог прадэманстраваць Мінздароўя -- гэтая хранічная хлусня. На прыкладзе гэтай эпідэміі Мінздароўя у чарговы раз паказаў народу, што яго трэба баяцца. Задамо пытанне: чаму нам ілгуць людзі, якія па доўгу службы абавязаныя абараняць нашае здароўе, нашае жыццё? Адказ просты – тому што баяцца.
Страх – эмоцыя негатыўная, ён паралізуе волю і не дае магчымасці прымаць адэкватныя рашэнні. У якім стагоддзі і ў якой краіне мы жывем? Хранічная эпідэмія страху, пачаўшыся ў сталінскія часы, перабралася ў стагоддзе 21. Пандэмія грыпу пройдзе рана ці позна - спрацуюць законы прыроды. А вось ратавацца ад эпідэміі страху -- гэта справа рук кожнага. Толькі ўсё разам, усёй грамадой мы зможам перамагчы страх і пачаць жыць па новым, па законах цывілізаванага грамадства.
Як урач прапаноўваю рэцэпт ад страху, на які не патрабуецца гербавая пячатка Мінздароўя. Трэба ўзяць за аснову жыцця простыя прынцыпы: сумленнасць, адкрытасць, прынцыповасць, змагацца з непрафесіяналізмам ва ўсіх сферах дзейнасці. Адным словам, жыць па сумленні. І вось тады мы зможам давяраць адзін адному і разам вырашаць праблемы. Трэба толькі, каб кожны чалавек незалежна ад свайго статусу, шчыра адказаў самому сабе: а ці можа ён жыць па гэтых прынцыпах? І тады мы не станем шукаць ворагаў у Мінздароўя ці дзе б там ні было, таму што мы будзем верыць адзін адному і будзем упэўненыя ў тым, што кожны на сваім працоўным месцы робіць усё, што ад яго залежыць.
Дай Бог дажыць да такіх дзён…»