Мінздароўя: Сітуацыя з грыпам выйшла нечаканай
86- 27.11.2009, 11:47
Каля 1,5 мільёна выпадкаў ВРВІ і грыпу зафіксавана ў Беларусі на гэты момант.
Аб гэтым паведаміў, выступаючы ў «нацыянальным сходзе» першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Роберт Часнойць.
«Мы спрабуем праводзіць маніторынг па 18 кантрольных гарадах Беларусі, узровень захворвання - больш за 1,5 мільёна чалавек. На першым месцы - вірусныя інфекцыі. Прыкладна, 2,6% - грып, маюцца выпадкі і так званага свінога грыпу - А/H1N1», - сказаў Часнойць, перадае «Інтэрфакс» .
Ён распавёў, што «сітуацыя з грыпам выйшла нечаканай, і толькі нядаўна быў абвешчаны тэндэр на пастаўку вакцыны ад пэўных штамаў грыпу ў Беларусь» «Вакцына з'явіцца ў Беларусі, прыкладна, у другой палове снежня», - сказаў першы намеснік кіраўніка Мінздароўя Беларусі.
Ён таксама спаслаўся на адсутнасць канкрэтных сродкаў і магчымасцяў для правядзення маніторынгу сітуацыі па вірусных захворваннях у Беларусі.
У сваю чаргу, старшыня «савета рэспублікі» Барыс Батура запярэчыў: «Вы пачалі гэтым займацца, калі ўжо грамадства стала абурацца». «Вы гэтую справу праваронілі, і трэба ўжо гэта прызнаць», - сказаў Батура.
«Чаму, па-вашаму, грып пачаўся знянацку. Ва ўсім свеце было вядома пра эпідэмію грыпу. Гэта ж не трубу прарвала, што трэба аварыйную брыгаду выклікаць. Вы спакойна маглі абвесціць тэндэр раней. Вы далі маху - і трэба так і казаць. Што вы тут распісваецеся ў сваёй бездапаможнасці», - звярнуўся Батура да Часнойця.
На што Часнойць адказаў, што «апраўданняў, напэўна, няма».
Першы намеснік кіраўніка Мінздароўя паведаміў журналістам, што «не настолькі прынцыпова, колькі тых, хто захварэў на «свіны» грып зараз у Беларусі, - галоўнае, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем Мінздароўя». «Галоўнае, што ўзровень смяротнасці не перавышае дадзеных мінулага года», - сказаў Часнойць.
Ён таксама дадаў, што ў Беларусі не зарэгістравана ніводнага выпадку атыповай пнеўманіі, а на прылаўках аптэкаў «знаходзіцца больш за 107 тыс. упаковак прэпарата «Таміфлю».
Часнойць таксама дадаў, што па выніках штоквартальнай статыстыкі прэса будзе пастаўленая да ведама, колькі выпадкаў «свінога» грыпу ў Беларусі зафіксавана за мінулыя 3 месяцы.
Першы намеснік кіраўніка Мінздароўя падкрэсліў, што на другую палову снежня прагназуецца рост захворвання на вірусныя інфекцыі.
Нагадаем, што Мінздароўя сёння кажа пра 179 чалавек, што захварэлі на свіны грып у Беларусі. Тым часам у Беларусі сёння сотні тысячаў людзей хворыя на грып. Пры гэтым чыноўнікі афіцыйна заявілі, што ўжо не падлічваюць выпадкі захворвання на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГіГЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаная са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.
Пры гэтым, кажучы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам колькасць тых, хто захварэў на свіны грып у Беларусі, можа быць нашмат большай і вылічвацца сотнямі і нават тысячамі.