Сведчанні відавочцаў: «Мы не заўважылі, як прыйшла смерць»
71- 30.11.2009, 11:26
Эпідэмія віруснай пнеўманіі, страшная – што б не казалі ўлады – нават у сухой статыстыцы, становіцца невыносна страшнай, калі гаворка заходзіць пра канкрэтныя лёсы.
Сям’ю мянчанкі Алесі Коршак пандэмія грыпу не проста закранула. Яна яе разбурыла. У адной сталічнай кватэры на вірусную пнеўманію захварэлі трое — сама Алеся, яе муж Сяргей і свякроўка Галіна Філіпаўна. Мужа выратаваць не ўдалося, піша газэта «Наша Ніва».
Шмат хто чуў пра тое, што ў далёкага сваяка, суседа, знаёмага знайшлі свіны грып, ці чытаў такія гісторыі ў інтэрнэце. Але чуць пра некага і сутыкнуцца з трагедыяй лоб у лоб — прынцыпова розныя рэчы.
Першыя дні хваробы
Супрацоўніца выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» Алеся — прыгожая маладая жанчына, яшчэ нядаўна шчаслівая жонка. Цяпер яна не можа гаварыць без слёз. Лістапад 2009 года кардынальна змяніў яе жыццё.
За час размовы Алеся ні разу не здолела прамовіць слова «памёр», распавядаючы пра Сяргея. Альбо спрабавала інакш пабудаваць фразу, альбо проста прапускала страшнае слова.
«Мы жылі з бацькамі Сяргея. Яго бацька і маці, вельмі клапатлівая жанчына, сама звязаная з медыцынай і добра ведае, як і што лячыць. У пятніцу 30 кастрычніка Сяргей без дай прычыны пачаў моцна кашляць, — узгадвае Алеся. — Нават не ведаю, дзе і калі прыстала да яго гэтая хвароба. Можа, ў транспарце. Яму было дрэнна, але ніхто з нас не адчуў сапраўднай пагрозы, падумалі, што гэта звычайная прастуда, якая часта з усімі здараецца. Тым не менш, на наступны дзень мы выклікалі «хуткую», дактары зрабілі ўкол і прапісалі медыкаменты.
Яны выглядалі стомленымі, можа, таму так спакойна сказалі: «Хочаце, забярэм яго ў бальніцу?». Можа іх тон, можа тое, што майму мужу зрабілі ўкол, нас так супакоіла… Паўтару, мы не адчулі небяспекі… дый Сярожка хацеў застацца дома…» — працягвае дзяўчына.
За выходныя стан Сяргея пагоршыўся. У панядзелак родныя выклікалі ўчастковага урача, якая прапісала яшчэ лекі. У той жа дзень Алеся, калі была на працы, адчула, што пачынае дрыжаць, і зразумела, што таксама захварэла. Яна паехала да сваёй мамы, каб наноў не заразіць мужа, і свякрусе не прыйшлося клапаціцца і аб ёй, і аб Сяргеі. «Я падумала, што ў мяне толькі пачатак хваробы, а ён ўжо выздараўлівае», — распавядае Алеся. Больш мужа яна не ўбачыла…
Рэанімацыя
Як вядома, вірусная пнеўманія развіваецца літаральна за некалькі дзён. Так адбылося і ў гэты раз. У аўторак Сяргея на хуткай дапамозе забралі ў шпіталь. У яго быў настолькі цяжкі стан, што яго адразу ж накіравалі ў рэанімацыю і падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Неўзабаве стала дрэнна і свякрусе, але яна мужна трымалася, бо… сын! Думка была толькі пра яго. Яна з дачкой Таццянай, сястрой Сяргея, абтэлефанавалі ўсіх знаёмых, што мелі дачыненне да медыцыны, даведваліся пра новыя лекі, якімі можна было б паправіць здароўе дарагому чалавеку, прапаноўвалі іх дактарам.
«Мы кожны дзень тэлефанавалі ў шпіталь, літаральна праз паўгадзіны, баяліся, каб дактары не падумалі, што ён нікому не патрэбны… Урачы пачалі нават злаваць, і мы зразумелі, што адцягваем іх увагу ад яго ж, — кажа Алеся. — Мы ездзілі і ў царкву, ставілі свечкі, пісалі паперкі за здароўе…»
Тым часам Галіне Філіпаўне стала горш. Яе паклалі ў тую ж бальніцу, што і сына, праўда, у звычайнае аддзяленне, а не ў рэанімацыю.
Як і ў Сяргея, у яе знайшлі двухбаковае запаленне лёгкіх. Барацьбу за яго жыццё працягвалі тыя, хто застаўся: Таня, бацька Аляксандр Апанасавіч, жонка Алеся. «Я была на бальнічным, — кажа Алеся Коршак. — Мне паставілі дыягназ трахеіт, як і Сяргею ў пачатку хваробы, але я таксама ездзіла ў бальніцу ў павязцы. Пакуль магла, бо мне станавілася горш…»
«Гэты вечар для яго ўжо можа не надыйсці…»
Калі яна сказала, што ў сям’і хварэюць яшчэ два чалавекі, яе адправілі на рэнтген. У Алесі знайшлі правабаковае запаленне лёгкіх і далі накіраванне ў шпіталь з адкрытай датай, бо сітуацыя з Сяргеем станавілася ўсё цяжэй.
«Калі я патэлефанавала ў шпіталь ў нядзелю, 8 лістапада, доктар сказаў, што гэты вечар для Сяргея можа ўжо не надыйсці… Мы зноў пабеглі ў царкву і былі там дапазна, вырашылі не тэлефанаваць як мага даўжэй, бо было так страшна», — узгадвае той трагічны дзень жонка.
Калі ўвечары, а было каля 21.00, Алеся зноў патэлефанавала, ёй сказалі, што ў мужа пачалося спыненне сэрца і яго рэанімуюць.
«У наступны раз слухаўку ўзяла медсястра і сказала, што ўжо ўсё…» — узгадвае Алеся.
«Я не магла паверыць, я не магу да канца гэтага ўсвядоміць… Ён пратрымаўся амаль да 9-й вечара…»
Прычынай смерці Сяргея быў запісаны не грып і не пнеўманія — сардэчна-лёгачная недастатковасць.
У неўралогію, бо ў пульманалогіі не хапала месцаў
Стан Галіны Філіпаўны быў настолькі дрэнным, што на пахаванне сына яе не пусцілі. Адразу пасля пахавання ў шпіталь лягла і сама Алеся. Яе паклалі ў аддзяленне неўралогіі, бо ў пульманалогіі не хапала месцаў.
У шпіталі яна прабыла да 20 лістапада, таму на памінкі праз дзевяць дзён пасля смерці мужа трапіць не здолела. Дзякуй Богу, яе хвароба паддалася лячэнню, і жанчына ўжо выйшла на працу.
У панядзелак, 23 лістапада, з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленне перавялі Галіну Філіпаўну. Яе стан палепшыўся.
P.S. Алеся не была побач са сваім мужам, калі яго забіралі ў бальніцу, таму папрасіла даць ёй магчымасць сказаць яму апошнія словы праз прэсу:
«Сярожа, даражэнькі мой, дзякуй табе за маё шчасце з табою, за усё, што ты дзеля мяне зрабіў, за тваю дабрыню, павагу і пяшчоту. Я цябе ніколі не забуду…»