Каранцін у менскіх школах працягнуты
15- 6.11.2009, 15:35
Вакацыі ў школах Менска будуць працягнуты як мінімум да 11 лістапада ўключна.
Пра гэта паведаміў сёння падчас оnline канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі старшыня камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Дзмітрый Піневіч, паведамляе БелТА.
Ад сённяшняга дня паводле пастановы галоўнага санітарнага лекара сталіцы абвешчана пра пачатак супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на тэрыторыі Менска ва ўсіх установах у поўным аб’ёме, сказаў ён. Ва ўстановах аховы здароўя ўжо паўтара тыдня праводзяцца такія мерапрыемствы. Як адна з мер прафілактычнага характара – працягнуты школьныя вакацыі.
На сёння ўзровень эпідэмічнага захворвання перавысіў парогавы, што і запатрабавала ўвядзення цэлага комплексу мерапрыемстваў. Паводле Піневіча, ва ўстановах дзейнічае ўвесь комплекс супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў: рэжым праветрывання, апрацоўка дэзыінфікуючымі сродкамі грамадскіх устаноў, школ, бальніц.
«Адносна школьных вакацый мы доўга абмяркоўвалі. Агулам у нас ужо перахварэла больш за 100 тыс. менчукоў ад пачатку рэгістрацыі эпідэмічнага ўздыму, за два тыдні. Улічваючы, што за апошнія тры дні захварэла 48 тыс., гэта дазволіла ўвесці комплекс супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Гэтая эпідэмія нехарактэрная, дзеці схільныя да яе менш. Звычайна заўжды было 50 на 50 дарослага і дзіцячага насельніцтва. Сёлета толькі 30% хворых – дзеці. Але тэмп прыросту хворых, зварот у дзіцячыя паліклінікі, шпіталізацыя ў бальніцы сведчаць, што нам неабходна працягнуць вакацыі», - сказаў Дзмітрый Піневіч.
Чакаецца, што з чацвярга школьнікі пойдуць на заняткі. «Мінулым разам, калі мы абвесцілі пра пачатак супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, школы не закрываліся, вакацыі не працягваліся. Прэвентыўныя меры згулялі сваю ролю на мінулым тыдні па працягненні школьных вакацый, і па нашай просьбе прынята рашэнне пра паўторнае падаўжэнне да 11-га лістапада ўключна», - сказаў старшыня камітэта.
Нагадаем, што яшчэ ўчора, 5 лістапада, міністр аховы здароўя заяўляў, што пасля працягнутых у сувязі з грыпам вакацый навучальны працэс у школах будзе адноўлены ў панядзелак (9 лістапада).
«Думаю, у панядзелак дзеці ў школу пойдуць», - заявіў Васіль Жарко.
Разам з тым ён сказаў, што ў залежнасці ад сітуацыі могуць быць прыняты «кропкавыя рашэнні па асобных раёнах ці пэўных школах».