9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк абмежаваў разлікі ў замежнай валюце паміж рэзідэнтамі

Пастанова ўпраўлення Нацыянальнага банка N138, якая прадугледжвае шэраг абмежаванняў на разлікі ў замежнай валюце паміж рэзідэнтамі, уступіла ў сілу з 7 лістапада 2009 года.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» ва ўпраўленні інфармацыі НББ.

Як паведамлялася, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй правілаў правядзення валютных аперацыяў, з іх выключаная норма, якая дазваляла даваць пазыкі шляхам пералічэння замежнай валюты з рахунку пазыкадаўцы на рахунак пазычальніка, а таксама пры вяртанні пазыкаў і адсоткаў за карыстанне імі.

Асобна ў дакуменце абгаворваецца, што гэтыя аперацыі забароненыя і рэзідэнтам свабодных эканамічных зонаў.

Уведзеная забарона на выпуск банкамі і юрасобамі валютных аблігацыяў для юрасобаў-рэзідэнтаў. Такім чынам, з даты ўступлення дакумента НББ у сілу, юрасобы-рэзідэнты могуць набываць толькі аблігацыі, намінаваныя ў нацыянальнай валюце. Так у НББ тлумачаць адмену нормы, якая раней дазваляла выкарыстоўваць замежную валюту пры разліках па каштоўных паперах рэзідэнтаў, намінальны кошт якіх пазначаны ў замежнай валюце. З улікам пастановы N138, банкам цяпер дазволеныя валютныя разлікі з рэзідэнтамі толькі па банкаўскіх аперацыях. Выпуск каштоўных папераў не з'яўляецца банкаўскай аперацыяй. У дачыненні да юрасобаў-эмітэнтаў, выпуск аблігацыяў намінаваных у замежнай валюце разглядаецца як пагадненне куплі- продажу, але пры гэтым каштоўныя паперы не трапляюць у пералік дазволеных валютных разлікаў паміж рэзідэнтамі. Беларускія эмітэнты змогуць выпускаць валютныя аблігацыі толькі ў выпадку іх рэалізацыі нерэзідэнтам.

Між тым, у адпаведнасці з дакументам, банкам пакінута права выпускаць валютныя аблігацыі для фізасобаў, хаця гэтае пагадненне не з'яўляецца банкаўскай аперацыяй.

Дзеянне гэтага дакумента не распаўсюджваецца на разлікі ў замежнай валюце па дамовах, выкананне якіх распачатае да ўступлення пастановы ў сілу.

У НБ РБ адзначаюць, што гэтыя меры прынятыя ў сувязі з кампаніяй па дэдаларызацыі эканомікі Беларусі. Улетку гэтага года была уведзеная забарона на крэдытаванне фізасобаў у замежнай валюце, абмежаванае выкарыстанне наяўнай замежнай валюты ў разліках з фізасобамі, з пачатку года дзейнічаюць абмежаванні па авансаванні імпарту.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках