24 красавiка 2024, Серада, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зарплата палітвязня Дубскага ў калоніі – менш за даляр у месяц

4

Адміністрацыя Магілёўскай калоніі ўладкавала палітвязня працаваць прыбіральшчыкаў турэмных памяшканняў.

Маці арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Алена Дубская і яго бабуля на працягу двух дзён бачыліся з ім у Магілёўскай калоніі падчас доўгачасовай сустрэчы. Алена Дубская паведаміла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода», што яе сын выглядае схуднелым, але ні на што не скардзіцца.

«Ён быў вельмі рады нас бачыць. Вельмі тужыў па добрых адносінах і нармальнай хатняй ежы», -- распавяла Алена Дубская.

«Паходзіць, нешта паесці, зноў паходзіць. Хоць памыўся ў душы. Яшчэ добра, што пагаварыў з людзьмі, таму што там мы былі не адны, а 12 сем'яў», -- сказала маці палітвязня.

Па словах Алены Дубскай, зараз у калоніі халодна, вязні мерзнуць, але яе сыну не дазваляюць апранаць на турэмную куртку дадатковую вопратку. Некалькі дзён таму Арцёму Дубскаму, у якога хворы страўнік, прызначылі дыетычнае харчаванне, але толькі на адзін месяц. Маці палітвязня спадзяецца, што ўрачы Магілёўскай калоніі падоўжаць дыетычнае харчаванне і на наступны месяц.

У Магілёўскай калоніі не хапае працы для вязняў. Арцёму Дубскаму нарэшце далі магчымасць працаваць прыбіральшчыкам турэмных памяшканняў. Плацяць за гэтую працу толькі 13 тысячаў рублёў штомесяц, але і з гэтых грошай вылічваюць за карыстанне турэмнай вопраткай.

«У выніку на рахунак Арцёма пералічваюць толькі 2,5 тысячаў рублёў», -- паведаміла Алена Дубская.

Адна з праблемаў для вязняў – адсутнасць чалавечых кантактаў. Маці Арцёма Дубскага не выключае, што існуе загад не кантактаваць з яе сынам, таму што ён лічыцца «палітычным».

Нагадаем, што Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» - тады 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках