Масавую дактыласкапію ўхваліў «савет рэспублікі»
33- 17.12.2009, 16:53
«Савет рэспублікі» ўхваліў законапраект пра занясенне змен і дадаткаў у закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Прадстаўляючы дадзены законапраект, першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пекарскі адзначыў, што прыняцце дадзенага рашэння дазволіць павялічыць эфектыўнасць дзейнасці праваахоўных органаў у сферы забеспячэння грамадскай бяспекі. Акрамя таго, як паведамляе «Интерфакс», ён адзначыў, што, уводзячы абавязковую дактыласкапічную экспертызу, «мы пераследуем прэвентыўныя меры».
На пытанне старшыні «савета рэспублікі» Барыса Батуры, чаму абавязковая дактыласкапія «ўводзіцца адразу не для ўсіх», Пекарскі адказаў, што «зараз мы вырашылі апрабаваць на вайскоўцах, бо не гатовыя выйсці на такія магутнасці, каб правесці дактыласкапію ўсяго насельніцтва».
Як паведамлялася раней, унясенне змен і дадаткаў у закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» прадугледжвае пашырэнне суб'ектаў абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі за кошт ваеннаабавязаных.
Змяняюцца таксама некаторыя палажэнні дзеючага закона, якія рэгулююць пытанні захоўвання і афармлення змешчаных на матэрыяльным носьбіце звестак пра асобы, якія прайшлі дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю.
Паводле новага закона, адбіткі пальцаў возьмуць ва ўсіх ваеннаабавязаных асобаў мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
Як паведамляў сайт charter97.org, масавую незаконную дактыласкапію мужчынскага насельніцтва Беларусі сталі праводзіць пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску. У беларусаў бяруць адбіткі пальцаў пад выглядам запрашэння ў ваенкамат, позвы ў міліцыю. Таксама МУС стала праводзіць дактыласкапію непаўнагадовых у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.