Фільм паводле рамана Святланы Алексіевіч прэтэндуе на «Оскар»
- 18.12.2009, 13:07
Мастацкі фільм, зняты паводле рамана Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва», пазмагаецца за «Оскара» у катэгорыі «лепшы караткаметражны мастацкі фільм».
«Дзверы» («The Door») — дэбютная рэжысёрская праца прадзюсара і аўтара з Ірландыі Хуаніты Уілсан. Як паведамляе газета «Наша Ніва», у аснове сюжэту ляжыць «Маналог аб цэлым жыцці, напісаны на дзвярах» – гісторыя з кнігі «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч. Герой стужкі – Мікалай Калугін, у якога ад радыяцыі памірае дачка. Каб пахаваць дзяўчыну, герой накіроўваецца ў Чарнобыльскую зону.
Фільм ствараўся ў Прыпяці, за некалькі кіламетраў ад рэактара. У «Дзвярах» гуляюць акцёры Ігар Сігоў («Тэатр беларускай драматургіі») і Джульета Казакевіч-Герынг (маскоўскі тэатр «Школа сучаснай п'есы»).
82-я цырымонія ўручэння прызоў амерыканскай Акадэміі кінамастацтва адбудзецца 7 сакавіка 2010 года ў Галівудзе.