На свіны грып пачалі хварэць хатнія жывёлы
3- 23.12.2009, 9:23
У ЗША упершыню зарэгістраваны выпадак захворвання на грып H1N1 хатняга сабакі.
Як паведаміў прадстаўнік Амерыканскай ветэрынарнай асацыяцыі, выпадак зарэгістраваны ў штаце Нью-Ёрк.
Захварэў метыс лабрадора. 13-гадовага сабаку вырашылі праверыць на наяўнасць у яго віруса H1N1 у сувязі з тым, што аналагічны вірус быў выяўлены раней у яго гаспадара. Сабака, які заразіўся кашляў, паводзіў сябе млява, страціў апетыт, пералічвае сімптомы выданне «The Baltimore Sun», перадае NEWSru.com.
У цяперашні час сабака папраўляецца, і яго жыццю нішто не пагражае.
Зараз, паводле звестак Асацыяцыі, ужо дакладна выяўлена, што вірус новага грыпу перадаецца ад чалавека да жывёлаў. Аднак пакуль не атрымалася выявіць, ці перадаецца ён ад жывёлаў да чалавека, перадае ИТАР-ТАСС.
Як адзначылі прадстаўнікі Асацыяцыі, у ЗША ужо зарэгістраваныя выпадкі заражэння вірусам H1N1 хатніх котак і тхароў. Прычым адна з котак не пераадолела хваробу. Гэты выпадак са смяротным зыходам быў зарэгістраваны ў штаце Арэгон у лістападзе.
У тым жа восеньскім месяцы вірус быў выяўлены ў двух сабакаў у Кітаі. У муніцыпальным бюро сельскай гаспадаркі Пекіна тады выказалі здагадку, што сабакі, верагодна, заразіліся ад ужо хворага чалавека, які знаходзіўся з імі ў цесным кантакце. Урачы перакананыя, што вірус можа перадавацца ад аднаго сабакі да другога.