У Баранавічах афіцыйна выявілі трэці выпадак свінога грыпу
1- 23.12.2009, 10:51
Баранавіцкія медыкі вылучылі пандэмічны штам віруса грыпу А/H1N1 у хворай на пнеўманію.
Па словах урачоў, пацыентка на гэты момант праходзіць неабходны курс лячэння. Гэта трэці лабараторна пацверджаны выпадак свінога грыпу сярод жыхароў Баранавічаў. Першыя два выпадкі выявілі ў першай палове снежня ў пацыентаў, якія захварэлі на пнеўманію яшчэ ў лістападзе.
Па словах галоўнага ўрача ДУ «Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Сяргея Плескацэвіча, у адным выпадку вірус пандэмічнага грыпу A/H1N1 вылучылі ў памерлага ад пнеўманіі ў сярэдзіне лістапада 46-гадовага гараджаніна. У другім выпадку вірус вылучылі ў гараджанкі, якая таксама ў лістападзе перахварэла на пнеўманію, перадае «Intex-press».
Паводле дадзеных Мінздароўя, на 23 лістапада ў Беларусі былі лабараторна пацверджаныя 179 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1), у тым ліку за час эпідэмічнага ўздыму захворвання — 153 выпадкі.
Пры гэтым чыноўнікі афіцыйна заявілі, што ўжо не падлічваюць выпадкі захворвання на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГіГЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаныя са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.
Пры гэтым, кажучы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам, тых, хто захварэў на свіны грыпам у Беларусі, можа быць нашмат больш і вылічвацца сотнямі і нават тысячамі.