Анатоль Лябедзька: Беларускі дыктатар – прычына, а Пуцін – следства
19- 3.12.2009, 14:15
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што Аляксандр Лукашэнка сам справакаваў памкненне расейскіх улад да больш шчыльнай «інтэграцыі» з Беларуссю.
У інтэрв'ю сайту charter97.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька пракаментаваў заявы Уладзіміра Пуціна аб залежнасці выдачы Беларусі расейскіх грашовых крэдытаў ад неабходнасці яшчэ больш шчыльнай інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».
«А чаго тут крыўдзіцца, калі Лукашэнка сам усё гэтыя 13-14 гадоў казаў пра нейкую «саюзную дзяржаву»? Калі ён ўвесь час заяўляў, што марыць вярнуцца ва ўлонне Савецкага Саюза? Лукашэнка сам справакаваў такую пастаноўку пытання ў той рэдакцыі, якую агучыў Пуцін. Таму, калі браць прычыну і следства, то Лукашэнка – прычына, а Пуцін – следства», -- заявіў Анатоль Лябедзька.
Пры гэтым лідэр АГП лічыць, што, нягледзячы на пасыл расейскіх улад, Аляксандр Лукашэнка працягне праводзіць палітыку «падвойнага шантажу» Захаду і Усходу.
«Ці наўрад у заяве Пуціна гаворка ідзе пра палітычную інтэграцыю – пра аспекты суверэнітэту і незалежнасці. Таму што ў сітуацыі, калі 95% беларусаў адказваюць «не» на пытанне «Хацелі б вы, каб Беларусь увайшла ў склад РФ?», агучваць такія заявы проста бессэнсоўна. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра эканамічны суверэнітэт Беларусі. Расея, якая штогод укладала ў Лукашэнку, хачу падкрэсліць, не ў Беларусь, а менавіта ў Лукашэнку, па 8-9 мільярдаў даляраў, хацела б атрымаць прэферэнцыі. На палітычныя саступкі Лукашэнка не пойдзе – яму перашкаджаюць амбіцыі. Ён працягне праводзіць палітыку «падвойнага шантажу» Усходу і Захаду, таму што яму ўсё роўна, хто дае інвестыцыі», -- адзначыў Анатоль Лябедзька.
Нагадаем, што 3 снежня падчас сваёй штогадовай тэлеразмовы з жыхарамі Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што аб'ём расейскай дапамогі Беларусі павінен быць сінхранізаваны з працэсамі інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».
«Ёсць розныя накірункі супрацоўніцтва (паміж двумя краінамі), але беларускаму кіраўніцтву хацелася б паболей. Мусіць, і гэта таксама магчыма, але гэта павінна быць сінхранізавана, па маім глыбокім перакананні, з працэсамі інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы», - заявіў Пуцін.
«Чым глыбейшая гэтая інтэграцыя, тым больш магчымасцяў пераходзіць на ўнутрарасейскія кошты і стандарты, у тым ліку і па энерганосьбітах», - падкрэсліў расейскі прэм'ер.