Палітжаўнера Івана Шылу раптоўна камісавалі
14- 3.12.2009, 18:07
Салігорскі лідэр «Маладога фронта», гвалтоўна прызваны ў войска, вызвалены ад праходжання вайсковай службы па рашэнні ўрачэбнай камісіі.
Палітпрызыўнік Іван Шыла ўжо пакінуў тэрыторыю вайсковай часткі ў вёсцы Межыца. Гэта адбылося ў 17:00. Як адзначае сайт saligorsk.org, па рашэнні Цэнтральнай ваеннай урачэбнай камісіі моладзевы актывіст быў камісаваны.
Адпаведнае рашэнне было ўзгоднена з вышэйшым кіраўніцтвам Міністэрства абароны. Ужо сёння ўвечары актывіст «Маладога фронта» будзе ў Салігорску.
Нагадаем, што ў 2008 годзе Івана Шылу па палітычных матывах выключылі з салігорскай сярэдняй школы №4 за дзень да апошняга іспыта. У знак пратэсту з школы звольнілася дырэктарка Вольга Сянькова. У лютым 2009 года моладзевага актывіста гвалтоўна забралі ў войска. Ён быў дастаўлены для праходжання медкамісіі ў кайданках. У вайскову частку пад Лепелем Шылу накіравалі нават без правядзення медагляду.
У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў армію, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні.
Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі ад нядаўніх часоў дзейнічае так званы «палітычны прызыў».
А ў верасні 2009 года ў армію быў гвалтоўна закліканы актывіст «Маладога фронту» Яўген Скрабец. Яго прызналі прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне спіны. 22 верасня стала вядома, што ў армію таксама гвалтоўна адпраўляюць актывіста «Маладога фронту» Андрэя Цянюту. Медыкі прызналі Андрэя Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў моладзевага актывіста на новае абследаванне, і ў пачатку верасня абласны клінічны шпіталь панізіў яму ступень скаліёзу.