Апазіцыянеру пагражае велізарны штраф за аблітага фарбай Леніна
4- 30.12.2009, 18:15
У Навагрудку праходзіць судовы працэс па справе актывіста партыі БХД Юрыя Казака, якога абвінавачваюць у тым, што ён абліў фарбай помнік «правадыру пралетарыята».
30 снежня прадстаўнік абвінавачвання папрасіў пакараць Юрыя Казака штрафам у памеры 225 базавых велічыняў за абліты зялёнай фарбай помнік Леніну, паведамляе a rel=nofollow href=http://www.svaboda.org/>«Радыё Свабода».
Моладзевага актывіста абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Сам Юры Казак лічыць, што злачынствам з'яўляецца тое, што па ўсёй Беларусі стаіць мноства помнікаў дзеячу, які распачаў «чырвоны тэрор», у выніку якога загінулі мільёны людзей.
Абвінавачванне ў справе Юрыя Казака папрасіла суд не караць моладзевага актывіста арыштам, а спагнаць з яго практычна 8 мільёнаў рублёў за «здзяйсненне злачынства».
Суд над апазіцыянерам распачаўся 29 снежня. Юры Казак прызнаў, што абліў бюст бальшавіцкага «правадыра» зялёнай фарбай. У сваю чаргу дырэктар наваградскага краязнаўчага музея паведаміла, што помнік не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а плошча Леніна хутка будзе называцца плошчай Адама Міцкевіча.
«Падчас суду стала зразумела, што ў зале не было ніводнага чалавека, які падтрымліваў бы камуністычны рэжым і асуджаў дзеянні Юрыя Казака, -- заявіў сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец. -- Сапраўды, змяніўся час. Калі ішоў працэс, стала відавочна, што камунізм застаецца галоўнай ідэалогіяй сённяшняга рэжыму. Але відавочна і тое, што адстойваць гэтую ідэалогію рэжым ужо не мае сілаў».
Нагадаем, што ў Наваградку ў ноч на 7 лістапада быў абліты зялёнай фарбай помнік Леніну. Па падазрэнні ў здзяйсненні гэтай акцыі былі затрыманыя чальцы БХД Дар'я Бахур і Юры Казак.