Усё больш менскіх сем'яў пазбаўляюцца хат за нявыплату «камуналкі»
8- 11.02.2009, 8:35
У 2008 годзе ў Менску з кватэр за нявыплату камунальных паслуг было выселена 42 сям'і.
Аб гэтым паведамляе БелаПАН са спасылкай на генеральнага дырэктара «Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Ўладзіміра Раентавіча.
Сем сем'яў выселена без права прадастаўлення іншага жылля. Па словах спецыяліста, суды ідуць на гэтыя меры ў крайніх выпадках.
35 сем'яў выселена з прадастаўленнем менш камфартабельнай жылплошчы. «Высяленне — гэта не самамэта, чалавек павінен мець дах над галавой», — лічыць У.Раентавіч. — «Але таксама не павінен забываць, што жыве з суседзямі ў шматкватэрным доме і павінен паводзіць сябе не амаральна і плаціць за кватэру своечасова».
Па словах гендырэктара, летась на ўтрыманне пазык за камунальныя паслугі ў суды было пададзена больш за 5 тыс. пазоўных заяваў. Па 127 з іх жыхары пратэрмінаваныя абавязкі загасілі. Усяго даўгі за камунальныя паслугі маюць 5% усіх платнікаў. Сума пазык зараз складае 5,5 млрд. рублёў.