9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хаўер Салана таксама стаівіць умовы беларускаму рэжыму

12

Беларусь зможа ўдзельнічаць у праекце «Ўсходняе партнёрства», толькі калі ўмовы Еўрапейскага Звяза будуць выкананыя.

Аб намеры працягваць працу з беларускай апазіцыяй заявіла прэс-сакратар Хаўера Саланы Крысціна Галах 24 лютага на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расеі і Малдовы ў Брусэлі. Такім чынам, паведамляе БелаПАН, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Еўразвяза, генеральнага сакратара Рады ЕЗ пракаментавала выказванне Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з Х.Саланай у Менску аб неабходнасці весці дыялог Беларусь — ЕЗ без пасярэднікаў.

"Абсалютна зразумела, што ЕЗ не толькі паважае, але і шырока вітае дзеянні палітычных лідэраў апазіцыі ў Беларусі, якія вялі вельмі цяжкую палітычную барацьбу", — сказала К.Галах. Па ейных словах, сведчаннем адносінаў ЕЗ да беларускай апазіцыі з'яўляецца тое, што па прыездзе ў Беларусь генеральны сакратар Рады ЕЗ спачатку сустрэўся менавіта з апазіцыйнымі лідэрамі.

Як адзначыла К.Галах, прадстаўнікі беларускай апазіцыі падкрэслілі праблему свабоды прэсы ў Беларусі, паведамілі аб фактах парушэння правоў чалавека, у тым ліку аб арышце маладых апазіцыйных актывістаў 14 лютага. Падчас сустрэч Х.Салана гарантаваў, што заявы апазіцыі будуць разгледжаныя ЕЗ.

"Беларусь зможа ўдзельнічаць у праекце Еўразвяза "Ўсходняе партнёрства", толькі калі ўмовы ЕЗ будуць выкананыя", — падкрэсліла прадстаўнік Х.аоланы. У прыватнасці, у Беларусі павінныя выконвацца правы чалавека, наладжаны дыялог паміж апазіцыяй і ўрадам, забяспечаная свабода прэсы.

Па словах К.Галах, Х.Салана ацэньвае свой візіт у Беларусь як "добры" і адзначае пэўныя пазітыўныя зрухі ў выкананні краінай умоваў ЕЗ. Канчатковае рашэнне адносна ўключэння Беларусі ў ініцыятыву ЕЗ "Усходняе партнёрства" будзе прынятае 19—20 сакавіка на саміце Еўразвяза ў Брусэлі.

Прадстаўнік Х.Саланы адзначыла, што ЕЗ хоча бачыць Беларусь у праекце "Ўсходняе партнёрства". Па ейных словах, Беларусь са свайго боку таксама зацікаўленая ва ўключэнні ў праграму.

К.Галах лічыць, што ўдзел Беларусі ў праекце не павінны выклікаць негатыўную рэакцыю Расеі, з якой Беларусь звязваюць цесныя адносіны. "Расея можа толькі выйграць ад паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ, таму што добрыя адносіны — гэта тое, што дазваляе выйграць усім", — сказала прэс-сакратар Х.Саланы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках