9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жадобін супраць Лукашэнкі

12

Сакратары Саветаў бяспекі Украіны і Беларусі заявілі пра інтэграцыю ў еўрапейскую супольнасць як асноўны знешнепалітычны прыярытэт.

Асноўным знешнепалітычным прыярытэтам Беларусі і Украіны з'яўляецца поўнамаштабная інтэграцыя ў еўрапейскую супольнасць. Пра гэта, па паведамленні прэс-службы Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, было заяўлена 25 лютага ў Кіеве на сустрэчы сакратара РНБА Раісы Багатыровай з дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі Юрыем Жадобіным.

"Была выказаная агульная пазіцыя, што абедзве краіны з'яўляюцца еўрапейскімі дзяржавамі як тэрытарыяльна, так і па культурнай і светапогляднай ідэнтычнасці нашых народаў", — кажацца ў паведамленні.

Бакі абмеркавалі еўрапейскі вектар знешняй палітыкі двух краінаў у кантэксце польска-швецкай ініцыятывы "Усходняе партнёрства".

Сакратары саветаў бяспекі "абмяняліся поглядамі на сітуацыю ў свеце і ўнутры двух краінаў", абмеркавалі "шляхі вырашэння праблемных пытанняў" ва ўкраінска-беларускіх адносінах.

Разгледжанае пытанне пра пачатак непасрэднага супрацоўніцтва саветаў бяспекі "з мэтай аператыўнай каардынацыі двухбаковага дыялогу і неадкладнага вырашэння пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс альбо якія замінаюць актыўнаму развіццю ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва".

Узнімалася таксама пытанне пераадолення наступстваў сусветнага фінансавага крызісу, магчымасці прыняцця сумесных мераў па супрацьдзеянні "разбуральнаму ўплыву гэтых працэсаў на развіццё нацыянальных эканомікаў двух дзяржаваў".

Нагадаем, што 23 лютага Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб цалкам супрацьлеглых знешнепалітычных прыярытэтах беларускіх уладаў.

«Нашая краіна застаецца вернай курсу на будаўніцтва «саюзнай дзяржавы» з Расеяй. Таму найважнейшай задачай з'яўляецца далейшае развіццё рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, падвышэнне яе магчымасцяў па абароне «саюзнай дзяржавы», - заявіў А.Лукашэнка на прыёме з нагоды дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў краіны.

А.Лукашэнка лічыць, што сёння «нельга не ўлічваць той факт, што абстаноўка вакол нашай краіны не дае падставы для самазаспакоенасці». «Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, які наваліўся, абвастрае глабальныя супярэчнасці і падштурхоўвае пэўныя сілы да экстрэмальных шляхоў вырашэння праблемаў», - адзначыў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «дэстабілізуючы ўплыў аказваюць пашырэнне геаграфічнай і функцыянальнай сфераў адказнасці Паўночнаатлантычнага блока, які размяшчае ўздоўж нашых межаў ваенна-стратэгічныя аб'екты, нарошчванне новых віткоў гонкі ўзбраенняў, пагроза міжнароднага тэрарызму».

У гэтай сувязі, падкрэсліў А.Лукашэнка, «каб паспяхова супрацьстаяць новым выклікам, пагрозам, нам неабходна ўсебакова ўмацоўваць ваенную арганізацыю дзяржавы, нашыя Узброеныя сілы, праводзіць шматвектарную міралюбную знешнюю палітыку, развіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з прыярытэтам умацавання адносінаў з нашым галоўным стратэгічным саюзнікам - Расейскай Федэрацыяй».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках