11 траўня 2024, Субота, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады маскіруюць рэпрэсіі супраць апазіцыі

Улады маскіруюць рэпрэсіі супраць апазіцыі

На судзе над моладзевым лідэрам Арцёмам Дубскім высвятлілася, што яго вінавацяць у парушэнні зусім іншага артыкула Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, што суд над актывістам «Маладога Фронту» пачаўся сёння ў Асіповіцкім гарадскім судзе. Спачатку апазіцыянера, былога ўдзельніка «Працэсу 14-ці», вінавацілі нібыта ў парушэнні правілаў адбывання пакарання за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса РБ яму пагражала ад 6 месяцаў да 3 год пазбаўлення волі.

Але сёння ў судзе высвятлілася, што апазіцыянера абвінавачваюць у парушэнні артыкула 216 ч.1 КК РБ – «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу». Арцёма Дубскага вінавацяць у тым, што ён нібыта скарыстаўся чужой сім-картай, каб атрымаць доступ у Інтэрнэт. За гэтую паслугу ён нібыта павінен мабільнаму аператару «Velcom» тры мільёны рублёў.

Яшчэ да арышту і суду актывіст «Маладога Фронту» пракаментаваў высунутыя супраць яго абвінавачванні:

«Вельмі дзіўна выглядаюць некалькі фактаў. Ну, напрыклад, тое, што той жа «Velcom», які вельмі добра лічыць свае грошы і блакуе сваіх абанентаў за мінус дзве-тры тысячы рублёў, гэтага не зрабіў пры такім велізарным мінусе на рахунку. Пяць мільёнаў – гэта ўсё ж такі грошы.

Па-другое, чаму sim-карта, якая была страчаная ў красавіку, толькі цяпер патрапіла ў вышук, і толькі цяпер знайшлі чалавека? Тэхнічна ўсё можна вельмі проста зрабіць».

Сёння на судзе актывіст «Маладога Фронту» заявіў, што ўсе паказанні падчас расследаванняў даваў пад ціскам міліцыі і сваёй віны не прызнае.

Падчас працэсу ля будынка суду праходзяць акцыі пратэсту. Моладзь скандуе пад вокнамі «Уладу – народу, Дубскому – свабоду!». Падтрымаць актывіста прыехалі лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, адзін з лідэраў руху «Джынс за Свабоду», актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч, дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык і іншыя.

Удзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў арыштаваны 13 лютага ў Гомелі па дарозе з Украіны. Апазіцыянера вінавацяць нібыта ў парушэнні правілаў адбывання пакарання за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Яму пагражае ад 6 месяцаў да 3 год пазбаўлення волі. Дубскі пражываў ва Ўкраіне ў сувязі з завядзеннем супраць яго на радзіме другой крымінальнага справы.

Нагадаем, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.

Зараз усе яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім назіраннем, і пры малым парушэнні ў любы момант могуць быць пазбаўленыя волі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках