У пашпартах беларусаў будуць адбіткі 10 пальцаў
14- 31.03.2009, 9:34
Беларусь гатовая да ўвядзення біяметрычных пашпартоў і праз 2-3 гады яны могуць пачаць дзейнічаць паўсюдна.
Аб гэтым заявіў на міжнароднай канферэнцыі па біяметрыі ў Менску першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі генерал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў, перадае «Інтэрфакс».
«Ужо азначылася высокая ступень гатовасці да пераходу на біяметрычныя дакументы. Беларусі запатрабуецца 2-3 гады пасля прыняцця кіраўніком дзяржавы адпаведнага рашэння, каб увесці біяметрычныя дакументы», - паведаміў А.Куляшоў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «часы тэарэтызацыі трэба або не трэба ўводзіць у Беларусі біяметрычныя пашпарты прайшлі».
Як паведамілі ў МУС Беларусі, у эксперыментальным узоры беларускага пашпарта будзе размешчаны бескантактавы чып у вокладцы пашпартнай кніжкі з адбіткамі дзесяці пальцаў рук.
А.Куляшоў таксама падкрэсліў: «Міжнародны досвед паказвае, што біяпашпарты ў мэтах бяспекі ў сучасных умовах неабходна ўводзіць». У дадзенай сувязі ён заўважыў: «Незаконная міграцыя і звязаныя з ёй праблемы ў сучасных умовах узрастаюць. Таксама існуе сур'ёзная пагроза міжнароднага тэрарызму, што турбуе ўрады шматлікіх краін».
Па словах А.Куляшова, «тэракты, якія адбыліся ў апошнія гады ў шэрагу краін свету, пацвердзілі неабходнасць узмацнення бяспекі ў аэрапортах і іншых месцах, дзе ўжываюцца праязныя дакументы».
Што датычна працы, якая праводзілася ў апошнія гады ў галіне падрыхтоўкі краіны да ўвядзення біяметрычных дакументаў, А.Куляшоў адзначыў, што быў вывучаны досвед шэрагу еўрапейскіх краін у межах рэалізацыі праекту «МІГРАБЕЛ».
У Міжнароднай канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, АБСЕ.