20 красавiка 2024, Субота, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску зачынілі альтэрнатыўную галерэю «Падземка»

11

Рашэнне аб закрыцці мастацкай галерыі ў цэнтры Менску яе супрацоўнікі назвалі «нечаканым і вераломным».

Упершыню пра закрыццё менскай галерэі «Падземкі», якая была фактычна адзінай пляцоўкай для выстаўлення карцін вольных мастакоў і прэзентацыі кніг незалежных аўтараў, загаварылі ў канцы мінулага тыдня. Мастакі, якія выстаўляюцца ў галерэі, звязвалі яе закрыццё з тым, што тут праходзілі выставы, якія маглі «мазоліць» вочы беларускім уладам.

20 красавіка адміністратар «Падземкі» Ганна Чыстасэрдава пацвердзіла прэс-цэнтру Хартыі’97, што ў галерэі сапраўды «ёсць праблемы». Але, па словах адміністратара, казаць пра канчатковае спыненне працы галерэі было яшчэ зарана.

«Мы хацелі б ўзяць на некалькі дзён лёгкі таймаўт, -- заявіла ў панядзелак адміністратар галерэі. -- Пакуль мы займаемся сваёй дзейнасцю. Я думаю, што на працягу найбліжэйшага часу ўсё высветліцца. Магу толькі сказаць, што адсоткаў 99 выставачнай залы «Падземкі» існаваць не будзе».

Сітуацыя з «Падземкай» высветлілася сёння. Кіраўніцтва галерэі разаслала ў СМІ заяву, у якой ужо афіцыйна было абвешчана пра закрыццё. Заява падпісаная дырэктарам «Падземкі» Валянцінай Кісялёвай і адміністратарам Ганнай Чыстасэрдавай.

«Падчас рэарганізацый прыватнай юрыдычнай асобы, на базе якой з 2004 года ўзнікла і працавала галерэя «Падземка», скасавана структурнае падраздзяленне, дырэктарам якога з'яўлялася Валянціна Кісялёва і арт-дырэктарам – Ганна Чыстасэрдава. Новае кіраўніцтва, праігнараваўшы ўсе папярэднія дамоўленасці, вераломна і безапеляцыйна заявіла пра немагчымасць далейшага супрацоўніцтва», -- сказана ў заяве. -- У гэтай сувязі галерэя «Падземка» афіцыйна заяўляе аб спыненні сваёй дзейнасці па адрасе пр. Незалежнасці, 43».

Былыя кіраўнікі галерэі заяўляюць, што не былі гатовыя да рэзкага спынення сваёй дзейнасці. У той жа час яны адзначаюць, што галерэя працягне сваё існаванне пакуль што толькі ў інтэрнэт-фармаце: на сайце podzemka.org і на старонках ЖЖ artpodzemka.

«Гэта было нечакана для нас, мы вялі перамовы і планавалі працаваць, як мінімум, да канца лета. Для нас паводзіны гэтай юрыдычнай асобы былі вераломным. Гэтая прыватная структура не бачыць неабходнасці ў існаванні галерэі. Яны, мабыць, чакалі, што тут будзе нешта гламурненькае, а мы выстаўлялі карціны і праводзілі прэзентацыі кнігаў лепшых людзей Беларусі», - сказала прэс-цэнтру Хартыі’97 дырэктар «Падземкі» Валянціна Кісялёва.

Толькі за апошні год у галерэі «Падземка» прайшлі выставы і прэзентацыі Адама Глобуса, Алеся Родзіна, Аляксея Фёдарава, Руслана Вашкевіча, Аляксандра Некрашэвіча, Андрэя Лянкевіча, Ганны Коўшар, Васіля Пачыцкага, Нікі Сандрас і Ігара Варашкевіча, Дыяны Шык, Андрэя Капуснікава і шмат каго іншага.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках