МТС загаварыў па-беларуску
11- 8.04.2009, 9:23
За адзін дзень кампанія мабільнай сувязі МТС знайшла фінансы для перакладу інтэрфэйсу на беларускую мову.
Нагадаем, у панядзелак актывісты «Маладога Фронту» і Моладзі БНФ атрымалі адмоўны адказ на сумесную заяву аб беларусізацыі паслуг апэратара МТС у сувязі з тым, што кампанія мае фінансавыя праблемы. «Ацэнена магчымасьць стварэньня беларускамоўнай версіі IVR (0870-даведка МТС). З улікам высокага кошту дадзенага праекта яго рэалізацыя з бягучым годзе не зьяўляецца магчымай. Разам з тым, у выпадку паляпшэньня фінансавых паказчыкаў, кампанія паўторна разгледзіць магчымасьць рэалізацыі дадзенага праекта ў 2010 г.», - зазначалася ў лісьце кампаніі, нагадвае прэс-служба «Маладога Фронту».
Адмоўны адказ МТС перакладаць паслугі на беларускую мову выклікаў вялікі рэзананс у СМІ: моладзевыя актывісты заявілі, што насамрэч пераклад не патрабуе амаль ніякіх фінансавых выдаткаў, але толькі праграмнае забесьпячэньне, і адказ кампаніі мае палітычную падаплёку-галоўны офіс МТС знаходзіцца ў Расеі.
Але ўжо ўвечары 7 красавіка аўтаадказьнік кампаніі займеў беларускую вэрсыю.
Пры тэлефанаваньні на слухаўку, што выключаны ці знаходзіцца па-за межамі сэткі, апэратар адказвае на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай. «Тэлефон абанэнта выключаны ці знаходзіцца па-за межамі дзеяньня сэткі», - гаворыць апэратар.
«Безумоўна, мы вітаем гэты крок кампаніі МТС па беларусізацыі інтэрфэйсу і спадзяемся, што бліжэйшым часам усе паслугі апэратара будуць перакладзены на беларускую мову , а таксама МТС стане прыкладам для іншых апэратараў мабільнай сувязі, -- гаворыць менскі каардынатар кампаніі «За МТС па-беларуску» Вадзім Ханяўка. -- Надзвычай вялікую ролю ў гэтым адыгралі СМІ, якія актыўна асьвятлялі падзеі кампаніі, і вось мы нарэшце маем рэальны вынік, які зараз кожны можа пачуць у сваіх слухаўках».