РНЕ нападае на актывістак «Моладзі БНФ». Міліцыя не рэагуе
11- 11.05.2009, 13:41
9 траўня ў Навапалацку некалькі падлеткаў, якія прылучаюць сябе да нэафашыстоўскай арганізацыі «Русское национальное единство», напалі на актывістак мясцовай філіі «Моладзі БНФ».
Увечары двое дзяўчат вярталіся з універсітэта праз лесапарк дадому. Невядомыя спынілі іх у глухім месцы, адабралі нацыянальныя значыкі і пагражалі фізічнаю расправай. Дзяўчаты адразу патэлефанавалі ў міліцыю, але дапамогі так і не дачакаліся, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Актывізацыя гэтак званых прадстаўнікоў РНЕ ў Наваполацку выклікае апошнім часам занепакоенасьць у грамадзкасьці горада. Тут апошнім часам нярэдка на сценах дамоў з’яўляецца фашыстоўская сімволіка і ўлёткі адпаведнага зместу.
Тым не меней, толькі ў гэтым годзе мясцовая пракуратура ужо двойчы адмовіла ва ўзбуджэньні справы па заяве наваполацкага праваабаронцы Зміцера Салаўёва на распаўсюд у горадзе фашыстоўскай сімволікі.
А тым часам у Беларусі плануюць увесці адміністрацыйную адказнасць за публічную дэманстрацыю, выраб нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Такі праект закону ўжо знаходзіцца ў «палаце прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу». Але яшчэ шмат часу пройдзе, пакуль ён запрацуе напоўніцу. Пакуль жа маладзёны з РНЕ пачуваюць сябе ў Наваполацку досыць беспакарана.