9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асцерагаючыся арыштаў, актывісты «Маладога Фронту» сёння галадаюць па дамах

2

Напярэдадні марша «За незалежнасць!» удзельнікі галадоўкі салідарнасці, каб пазбегчы прэвентыўных арыштаў, пакінулі офіс Партыі БНФ і 14 траўня працягнуць галадоўку дома.

«Перад маршам настрой добры, мы збіраемся выходзіць, хаця да гэтага была такая думка, каб дзяўчыны ўсёткі засталіся ў офісе. Вельмі баімся правакацыяў, тым больш, што ўсім вядома, дзе мы знаходзімся», -- распавяла «Радыё Рацыі» актывістка Партыі БХД Ірына Губская.

Акрамя таго, каб прадухіліць прэвентыўныя затрыманні актывістаў на выхадзе з офіса, кіраўніцтва Партыі БНФ прыняла рашэнне з 14:00 зачыніць офіс.

Што датычыць саміх галадоўнікаў, дык у чацвер стала вядома, што ўдзельнікаў акцыі падтрымаў дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Януш Анышкевіч.

«Хачу горача падтрымаць усіх, хто з салідарнасці з арыштаваным Мікалаем Аўтуховічам, трымае сёння ў Беларусі галадоўку. На ўласным досведзе ведаю, наколькі гэта цяжка. У камуністычнай Польшчы я сам некалькі разоў удзельнічаў у такіх галадоўках. І ведаю, колькі гэта патрабуе мужнасці і сілаў.

Ведайце, што мы з вамі, мы памятаем пра вас і ўсіх, хто арыштаваны і знаходзіцца ў турме, каго пераследуюць у Беларусі. Справа Беларусі – гэта таксама і нашая справа. Будзьце мужнымі! Мы з вамі!», -- заявіў еўрадэпутат.

Нагадаем, 4 траўня шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвесцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, якія ўтрымліваюцца ў сталічным СІЗА № 1.

Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасці — былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Арцём Дубскі, Эніра Браніцкая, Аляксандр Казулін, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Кася Салаўёва, Яраслаў Грышчэня, Арцём Ластавецкі, Дар'я Латушкіна, грамадская актывістка з Берасця Наталля Касцючык, Ірына Губская, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і шмат хто іншы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках