Прэм'ер-міністр Нарвегіі: «Цудоўна, што юнак, які прыехаў з Беларусі, зрабіў гэта для нашай краіны» (Відэа)
12- 18.05.2009, 16:23
У Нарвегіі ў нядзелю адзначалі адразу два святы.
17 траўня — Нацыянальны дзень гэтай скандынаўскай краіны. 195 гадоў таму была прынятая нарвежская канстытуцыя, што паклала пачатак здабыццю краінай незалежнасці.
А разам з гэтым нарвежцы святкавалі перамогу свайго суайчынніка, выхадца з Беларусі Аляксандра Рыбака на песенным конкурсе «Еўрабачанне».
Пераможцу асабіста павіншаваў прэм'ер-міністр Нарвегіі Енс Стольтэнберг:
«Мяне трымалі ў курсе па тэлефоне і смс. Мы вельмі рана зразумелі, што ўсё ідзе правільна. Вельмі цудоўна, што гэты юнак, які прыехаў з сям'ёй з Беларусі, зрабіў гэта для Нарвегіі», - сказаў прэм'ер-міністр у інтэрв'ю «Еўраньюз» (ВІДЭА).
Прадстаўнікі Нарвегіі ў трэці раз выйграюць Еўрабачанне. У міністэрстве культуры заявілі, што ўжо шукаюць пляцоўку для правядзення наступнага конкурсу.
Аляксандр Рыбак нарадзіўся 13 траўня 1986 года ў Менску ў сям'і музыкаў. Калі яму споўнілася пяць гадоў, яго бацькі пераехалі ў прыгарад Осла, і з тых часоў ён ні разу не бываў радзіме. Грае на скрыпцы з пяці гадоў. Выступаў з музыкамі з вядомай групы A-Ha і са знакамітым скрыпачом Пінхасам Цукерманам.
На конкурсе «Еўрабачанне» наш суайчыннік набраў 387 балаў. Гэта рэкорд, папярэдні прыналежыў фінскай групе «Лордзі» - 292 - і быў усталяваны ў 2006 годзе.
Максімальная колькасць балаў - 12, Нарвегіі аддалі Гішпанія, Беларусь, Швецыя, Ізраіль, Расея, Літва, Украіна, Польшча, Нідэрланды, Эстонія, Данія, Славенія і Вугоршчына.