Беларусы ў Нарвегіі
6- 19.05.2009, 20:05
Як толькі беларусы трапляюць у атмасферу свабоды, гэта дае выдатны вынік.
Дэлегацыя беларускіх палітыкаў 18-19 мая наведала Осла, дзе прыняла ўдзел у семінары «Дарожная карта ў Еўропу – гэта шлях да дэмакратыі?». У мерапрыемстве, арганізаваным Нарвежскім Хельсінскім камітэтам, прынялі ўдзеле лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы палітвязень Аляксандр Казулін, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і заснавальнік беларускага праваабарончага цэнтра «Наша Вясна» Алесь Бяляцкі і грамадская актывістка Вольга Кузьміч.
Асноўнай тэмай семінара стала сітуацыя ў Беларусі, а таксама перспектывы яе дэмакратызацыі. Падчас візіту ў Осла беларускія палітыкі сустрэліся з дзяржсакратаром Міністэрства замежных спраў Нарвегіі Элізабэт Валаас, сябрамі кіруючай Працоўнай, а таксама Кансерватыўнай і Хрысціянскай партый, прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў і праваабарончых арганізацый краіны.
«У Еўропе існуюць вялікія сумневы з нагоды цяперашняй палітыкі Еўразвяза ў адносінах беларускіх улад. Ёсць асцярогі, што некаторыя еўрапейскія палітыкі спрабуюць супрацоўнічаць з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, забываючыся на дэмакратычных каштоўнасцях і правах чалавека. Замест кансультацый дэмакратычным сілам Беларусі прапаноўваюцца ўжо гатовыя рашэнні. Усё гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў як для Беларусі, так для ўсёй Еўропы», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.
Па меркаванні палітыка, Нарвегія, хоць і не з'яўляецца сябрам Еўразвяза, стала ініцыятарам дыскусіі аб адносінах ЕЗ з Беларуссю, паколькі заўсёды займала прынцыповую пазіцыю ў адносінах правоў чалавека.
«Безумоўна, галоўнай тэмай нашых абмеркаванняў былі палітычныя зняволеныя Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, працяг рэпрэсій супраць беларускай апазіцыі, абмежаванне волі ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці», гвалтоўны заклік у войска моладзевых лідэраў, адсутнасць у краіне рэальнай свабоды слова, ціск на няўрадавыя арганізацыі. Відавочна, што беларускія ўлады не маюць намеру ісці на дэмакратызацыю сітуацыі ў краіне, і палітвязні – гэтая першая перашкода на шляху наступных адносінаў з беларускім рэжымам.
Нарвегія заўсёды была прынцыповая ў адносінах захавання правоў чалавека, і яна можа рэальна паўплываць на пазіцыю Еўропы. Акрамя таго, гэтая краіна з'яўляецца перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам, і тут разумеюць, што нарвежскі бізнэс ва ўмовах дыктатуры ў Беларусі працаваць не зможа», -- адзначыў Андрэй Саннікаў.
Візіт беларускіх палітыкаў у Осла супаў з перамогай на музычным конкурсе «Еўрабачанне» удзельніка ад Нарвегіі, выхадца з Беларусі Аляксандра Рыбака.
«На ўсіх сустрэчах з нарвежцамі мы віншавалі адзін аднаго з агульнай перамогай. У Осла пануе ўсеагульная весялосць. У аэрапарту Рыбака сустракалі больш за 5 тысяч чалавек. Пры дапамозе брандспойтаў некалькіх пажарных машын была створаная імправізаваная арка з вады, праз якую праязджаў самалёт з пераможцам «Еўрабачання». На гарадской ратушы гадзіннік граў песню «Казка». Людзі стала напяваюць гэтую мелодыю на вуліцах. Свае віншаванні Аляксандру Рыбаку мы перадалі ў дзень ягонага трыўмфу на «Еўрабачанні» праз амбасаду Нарвегіі ў Маскве. Нашым нарвежскім сябрам мы казалі, што, як толькі беларус трапляе ў атмасферу свабоды, гэта дае выдатны вынік», - сказаў Андрэй Саннікаў.