24 красавiка 2024, Серада, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Князь Мацей Радзівіл: «Цэнтар Вялікага Княства Літоўскага — гэта Беларусь»

8

Вялікае княства Літоўскае з’яўлялася ўзорам для іншых краінаў дзякуючы сваёй талерантнасці, лічыць князь Мацей Радзівіл.

У інтэрв’ю «Еўрарадыё» князь Мацей Радзівіл, які прыбыў з візітам у Беларусь, распавёў пра свае першыя ўражанні ад сённяшняга Менску, пра мэты візіту, а таксама прызнаўся, грамадзянамі якой краіны лічаць сябе нашчадкі славутага роду.

- Спадар Мацей, якое Ваша першае ўражанне ад беларускай сталіцы?

- Я быў у Менску 20 гадоў таму ўпершыню. Мне падаецца, што горад вельмі змяніўся. З’явілася шмат новых крамаў, гатэляў, рэстарацыяў. Я яшчэ памятаю, як Траецкае прадмесце было разбуранае, нічога там не было. Мне вельмі падабаецца, што гістарычныя будынкі прыгожа аднавілі. Мы таксама былі ў цэрквах: мне спадабалася, што там было шмат людзей. Гэта значыць, што людзі цікавяцца рэлігіяй, традыцыяй. Гэта вельмі важна для мяне, таму што мы, Радзівілы, паходзім адсюль, мы былі грамадзянамі Вялікага княства Літоўскага. Я заўсёды казаў, што мы грамадзяне гэтай дзяржавы.

- Вы кажаце, што Радзівілы — гэта грамадзяне ВКЛ. Атрымліваецца, што вы таксама палякі, як і беларусы?

- Так. Я памятаю, калі я першы раз быў у Літве, адзін літовец спытаў мяне, ці я ліцвін. Я адказаў, што я грамадзянін Княства. Як кожны з нас, я спачатку сказаў, а потым пачаў думаць. Рэч у тым, што Вялікае княства Літоўскае было вельмі прыязнай дзяржавай, куды прыязджалі людзі з розных старон. Там жылі разам пратэстанты, праваслаўныя, габрэі, каталікі. Тая дзяржава, канечне, сёння не магла бы быць узорам для іншых краін. Але тады, 300-500 гадоў таму, яна была прыкладам для ўсіх: яна была вельмі талерантнай. Да таго ж, там не было шмат падаткаў. Гэта была дзяржава, якая не нападала на іншыя краіны. Нашая сям’я жыла і ў Літве, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі, і ў частцы Польшчы, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ. Я ведаю, што цяпер людзі шмат дыскутуюць, ці Літва з’яўляецца сэрцам Літоўскага княства. А мне здаецца, што цэнтар Вялікага княства — гэта Беларусь. Дыскусія ня мае сэнсу, таму што сэрца Княства б’ецца тут, у кожным чалавеку, які марыць іміграваць у тую легендарную краіну.

- Ці можаце вы каротка акрэсліць мэту Вашага візіту?

- Мы прыехалі сюды з нашай цёцяй, Альжбетай Радзівіл. Да вайны яна жыла ў Нясвіжы, у замку. Яна — дачка ардыната Альбрэхта Радзівіла. Гэта, можа быць, апошняя магчымасць прыехаць сюды з ёй, каб пабачыць Нясвіскі замак, царкву, нашу крыпту. Яна — апошняя асоба, якая памятае, як было ў Нясвіскім замку да вайны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках