17 чэрвеня 2026, Серада, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка палітвязьня Асіпенкі: «Прадпрымальнікаў, якія ведалі бацьку, папросту запалохалі»

3

Родныя палітзьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі засталіся сам-насам з сваім горам.

Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка. Ягоная жонка Алена зьехала з Ваўкавыску і ўжо некалькі тыдняў не здымае слухаўкі, перадае «Радыё Свабода».

Яшчэ перад ад’ездам яна неаднойчы казала, што ня можа болей цярпець зьдзеку зь яе мужа. Алене Аўтуховіч было крыўдна, што людзі, пабачыўшы яе на вуліцы ці ў краме, пачынаюць перашэптвацца і баяцца ўголас называць ейнае прозьвішча.

Нават на працу яна ўжо не магла прыходзіць, бо фірма таксі, якую яны стваралі доўгія гады, Аўтуховічам болей не належыць.

Адзіная дачка Мікалая Аўтуховіча, Кацярына, навучаецца ў Польшчы. Бацька Мікалая памёр увосень. У хаце засталася старэнькая маці, якая вельмі перажывае за лёс сына. Сам Мікалай Аўтуховіч быў заўсёды супраць, каб журналісты турбавалі ягоную маці.

Дачка Юр’я Лявонава зьехала ў Маскву здаваць сэсію. Дачка Уладзімера Асіпенкі Людміла жыве і працуе ў Менску. У 50-тысячным Ваўкавыску засталася адна ейная маці Зоя Анціпенка, якая яшчэ ходзіць на працу і чакае свайго мужа. Сястра Людмілы жыве за мяжой, і таму маці адной вельмі цяжка жыць у маленькім гарадку.

Па словах Людмілы Асіпенкі, людзі занадта запалоханыя, і таму баяцца аказваць дапамогу ейнай маці.

«Ніхто, ніхто абсалютна не дапамагае маме… Што тычыцца нашага гораду, то людзі проста баяцца. Хутчэй за ўсё, кола знаёмых прадпрымальнікаў, якія ведалі бацьку, папросту запалохалі», - кажа дачка палізьняволенага.

Людміла Асіпенка распавядае, што ўсе турботы ляглі на ейныя плечы: яна рыхтуе і носіць бацьку перадачы, кантактуе з адвакатамі, тэлефануе да сьледчага, а потым да маці, каб неяк яе суцешыць. З словаў Людмілы, ёй шмат у чым дапамагае праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Маладая дзяўчына кажа, што ўжо звыклася не зважаць на цяжкасьці, хаця псыхалягічна сытуацыя перажываецца вельмі складана. Бацька заўсёды браў на сябе ўсе цяжкасьці ў сям’і, а цяпер гэта на яе плячах.

«Спрабуем неяк адаптавацца да сытуацыі, бо іншага выйсьця няма, інакш можна страціць розум…», - дадае Людміла Асіпенка.

Нагадаем, актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка былі затрыманымі 8 лютага 2009 года і ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА №1. 16 красавіка Аўтуховіч абвесьціў безтэрміновую галадоўку.

Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітычнымі зьняволенымі, зьвяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў раней ужо былі зьмешчанымі ў вязьніцу, і тады міжнародная супольнасьць прызнала іх вязьнямі сумленьня.

4 траўня вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы абвесьцілі галадоўку ў падтрымку палітвязьняў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках