26 красавiка 2024, Пятніца, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Справа Юрыя Захаранкі не мае тэрміну даўнасці і не залежыць ад палітычнай кан'юнктуры»

4

Аб'яднаная грамадзянская партыя мае намер правесці 7 мая, у 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска «ланцуг памяці», прысвечаны 10-й гадавіне са дня знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

«Мы маем намер правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менска, бо справа аб знікненні генерала Захаранкі не расследуецца. Улады нічога не прадпрымаюць для таго, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выкраданні Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Мы лічым, што тэма палітычных знікненняў павінная заўсёды паднімацца на міжнародным узроўні. У апошні час, я лічу, некаторыя еўрапейскія палітыкі перасталі звяртаць на ўвагу на гэтую праблему, хоць раней гэты пункт быў адным з асноўных падчас перамоваў з прадстаўнікамі ўлад. Але справа Юрыя Захаранкі і іншых зніклых – не мае тэрміну даўнасці і не залежыць ад палітычнай кан'юнктуры», - заявіў палітык.

Анатоль Лябедзька таксама адзначыў, што ўдзельнікі акцыі 7 мая маюць намер запатрабаваць вызвалення палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі. «Я сам неаднаразова падвяргаўся арышту і магу з упэўненасцю сказаць – палітвязням неабходная нашая салідарнасць. Падчас усіх міжнародных сустрэч мы стала заяўляем: нельга закрываць вочы на праблему палітвязняў у Беларусі. Палітвязні ў Беларусі ёсць, і мы павінныя замагацца за іхную свабоду», - сказаў лідэр АГП.

Нагадаем, што былы міністр унутраных спраў і адзін з лідэраў апазіцыі Юрый Захаранка знік у маі 1999 года. Шматлікія ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.

Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках