Дактыласкапічны «марафон» працягваецца: У ваенкаматах масава «адкатваюць» пальцы (Фота)
56- 8.05.2009, 10:52
Дарослых мужчын выклікаюць для «удакладнення дадзеных воінскага ўліку». Аднак дадзеныя вайсковых білетаў цікавяць супрацоўнікаў менш за ўсё.
Журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней прыйшоў у ваенкамат Фрунзенскага раёна Менска ў 10 гадзін раніцы, як і патрабавала позва. Для таго, каб патрапіць у памяшканне журналісту прыйшлося стаць ў хвост доўгай чаргі. Некалькі сотняў ваеннаабавязаных стаялі ў калоне ля ўваходу ў ваенкамат у неразуменні, навошта тут сабралі столькі людзей.
«Выклікалі б каго-небудзь у 10:00, іншых у 10:30. Прыкінулі б, што за гадзіну можна прапусціць чалавек 30-40. Навошта жа ўсіх у адну кучу?» -- абураліся ваеннаабавязаныя.
Усе пытанні адпалі, калі з ваенкамата сталі выходзіць першыя наведвальнікі – з чорнымі ад чарнілаў рукамі. Распавялі, што нейкія людзі ў цывільным бяруць ва ўсіх адбіткі пальцаў.
Унутры будынка людзей было не менш, чым на вуліцы. Адна чарга цягнулася да кабінета, дзе праходзяць рэгістрацыю, іншая – на подпіс пад аркушам дактыласкапіі з пашпартнымі дадзенымі.
Чацвёра маладых людзей праводзілі дактыласкапію. Спачатку мазалі пальцы чарніламі, а потым далоні цалкам, пасля яе прыціскалі да паверхні аркуша ўсе пальцы па чарзе, а потым дзве далоні паасобку.
У размовы з ваеннаабавязанымі не ўступаюць, на прычыны аб правядзенні дактыласкапіі не адказваюць. Толькі адзін чалавек, які праводзіў дактыласкапію, напаўголасы сказаў, што ў Фрунзенскім раёне больш за 300 нерасчыненых злачынстваў, можа, хоць база адбіткаў ссуне сітуацыю з мёртвай кропкі.
Адзін ваеннаабавязаны спрабаваў адмовіцца здаваць адбіткі пальцаў. Яго адразу папярэдзілі, што гэта не так проста – «неабходная важная прычына». Перш за ўсё, папрасілі напісаць заяву з тлумачэннем такога неардынарнага кроку. А потым паабяцалі доўгія хаджэнні па іншых інстанцыях, якія куды сур'ёзней за ваенкамат.
Нягледзячы на тое, што адбіткі пальцаў бяруць у ваенкаматах, вынікі дактыласкапіі ідуць на патрэбы міліцыі. Яшчэ ў жніўні мінулага года, пасля выбуху 4 ліпеня ў Менску, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў выдаў распараджэнне, паводле якога мужчынскае насельніцтва ад 17 да 60 год абавязанае пакінуць свае адбіткі ў картатэках МУС. Па некаторых звестках, хуткім часам адбіткі пальцаў пачнуць браць і ў жанчын.
