Аляксандр Рыбак: «Тое, што за конкурсам назіраў Лукашэнка, шмат каго палохала»
9- 10.06.2009, 8:49
У інтэрвію швэдзкаму выданьню Svenska Dagbladet пераможца «Еўрабачаньня» пракаментаваў абвінавачваньні праваабаронцаў у сувязі зь ягонай паездкай у Менск.
29 траўня сьпявак беларускага паходжаньня прыняў удзел у судзействе конкурсу «Новыя галасы Беларусі» на канале АНТ, а таксама прыняў удзел у канцэрце ў Палацы рэспублікі, дзе выканаў свой зорны хіт «Казка», а таксама беларускую «Купалінку», нагадвае «Радыё Свабода».
Паездка 23-гадовага «нацыянальнага героя Нарвэгіі» на радзіму ў Беларусь не засталася па-за ўвагай нарвэскіх праваабаронцаў і палітолягаў.
Як заявіў у інтэрвію з тэлеканалам NRK, генэральны сакратар праваабарончай арганізацыі «Amnesty Norge» Джон Пэтэр Эгэнс, гэтая паездка, сапраўды, можа быць выкарыстана беларускім рэжымам у мэтах прапаганды.
З гэтым сьцверджаньнем пагаджаецца і старшыня нарвэскай філіі «Міжнароднай Амністыі» Іна Цін. Яна мяркуе, што запрашэньне Аляксандра Рыбака ў Менск - гэта добра пралічаная акцыя з боку беларускіх уладаў.
«Я ехаў дзеля спатканьня са сваёй краінай, — адказаў на абвінавачваньні праваабаронцаў Аляксандр Рыбак у інтэрвію Svenska Dagbladet. — Усе, у тым ліку і праваабаронцы, ведаюць пра гэта. Таму ня думаю, што мяне неяк цынічна выкарыстоўваюць. Я не палітык. Я лічу вельмі добрым тое, што магу вярнуцца туды, дзе нарадзіўся. Мае бацькі такога не маглі сабе дазволіць з прычыны страху. Яны не былі ўпэўненыя ў тым, што, трапіўшы ў Беларусь, змогуць зь яе без усялякіх праблемаў выехаць».
Большую частку свайго часу ў Менску у Рыбака заняла судзейства ў конкурсе маладых выканаўцаў, на якім прысутнічаў Лукашэнка.
«Я быў у журы і судзіў выступы канкурсантаў. Тое, што за гэтым назірае беларускі прэзыдэнт, шмат каго вельмі палохала», — сьмяецца Рыбак.
Рыбак заяўляе, што за час свайго прыезду ня змог атрымаць цэласнага ўяўлення пра Беларусь, бо ўвесь час правёў у Менску. Паводле яго словаў, трэба вярнуцца зноў і наведаць іншыя мясьціны.