20 красавiка 2024, Субота, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» падвёў вынікі трохгадовай дзейнасці

2

За тры гады камітэт аказаў дапамогу 1 тысячы 536 грамадскім актывістам: 971 чалавек звярнуўся за дапамогай у 2006 годзе, 343 — у 2007-м, 222 — у 2008-м.

Аб гэтым, як паведамляе БелаПАН, 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі па выпадку трохгоддзя існавання арганізацыі паведаміла кіраўнік камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Іна Кулей.

Камітэт "Салідарнасць" быў утвораны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і наступных за гэтым падзей: утварэння "намётавага мястэчка" на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і іншых масавых акцый супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

"Першапачатковай нашай мэтай была абарона правоў на вольную адукацыю студэнтаў, адлічаных за ўдзел у акцыях пратэсту. Гэтая форма абароны так і засталася нашай асноўнай мэтай. Мы адзіная арганізацыя, якая выконвае такую функцыю", — заявіла Кулей.

Разам з тым, адзначыла яна, камітэт пашырыў напрамкі сваёй дзейнасці. Зараз арганізацыя здзяйсняе таксама ўсебаковую падтрымку рэпрэсаваным і іхнім сем’ям, займаецца юрыдычнай абаронай актывістаў дэмакратычнага руху.

Па кожнай кандыдатуры на атрыманне дапамогі ад камітэта прымае рашэнне рада ў складзе 10 чалавек. "Гэта прадстаўнік зарэгістраванага ў Літве аб'яднання "Праваабарончы альянс" Людміла Гразнова, юрыст Гары Паганяйла ад "Беларускага Хельсінскага камітэта", Анастасія Шамрэй з аб'яднання беларускіх студэнтаў, Андрэй Вітушка з Асацыяцыі беларускіх медыкаў, праваабаронца Алег Воўчак, Эла Гарацкая з "Бацькоўскай ініцыятывы", пісьменнік Уладзімір Арлоў, маці былога палітвязня Мікалая Астрэйкі — Яўгенія Астрэйка, Алена Танкачова з фонду развіцця прававых тэхналогій і я. Такі склад дазваляе вызначыць, наколькі сур'ёзна былі рэпрэсаваныя людзі і якая ім патрабуецца дапамога", — адзначыла Кулей.

Яна падкрэсліла, што для камітэта "Салідарнасць" няважная прыналежнасць рэпрэсаванага чалавека да палітычнай партыі або арганізацыі. "Аналіз паказвае, што 74% людзей, якія звярнуліся да нас, не ўваходзяць ні ў якую партыю або арганізацыю. Гэта проста людзі, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю", — сказала Іна Кулей.

У сваю чаргу супрацоўніца камітэта "Салідарнасць", былая палітвязніца Эніра Браніцкая адзначыла, што 49% грамадзян, якія звярнуліся ў камітэт за дапамогай, зацікаўленыя ў прадастаўленні магчымасці навучання, 21% — у прадастаўленні матэрыяльнай дапамогі, 15% патрэбная праца, 9% — медыцынская дапамога. Астатнія звяртаюцца для таго, каб зафіксаваць факт парушэння іхных правоў, адзначыла актывістка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках