Алесь Бяляцкі: «У краіне па-ранейшаму застаюцца палітвязні»
1- 15.06.2009, 15:51
Праваабаронцы заяўляюць, што беларускія ўлады не ўлічваюць меркаванне міжнародных арганізацыяў і па-ранейшаму гуляюць па сваіх правілах.
15 чэрвеня актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», удзельнік «Працэсу 14-ці» Максім Дашук быў асуджаны яшчэ на 1 год і 3 месяцы абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Каментуючы прысуд па крымінальнай справе Дашука, кіраўнік ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі заявіў:
«Фармальна рашэнне суддзі Кузняцовай выглядае мяккім, паколькі артыкул 415 КК, паводле якога асудзілі Дашука, адназначна прадугледжвае абмежаванне волі тэрмінам ад 6 месяцаў да трох гадоў. Тым не менш, пры разглядзе крымінальнай справы быў выкарыстаны артыкул 70 Крымінальнага кодэкса і знойдзеныя змякчальныя абставіны.
Такое «ліберальнае» стаўленне да абвінавачанага з боку суду сведчыць пра тое, што міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Максіма Дашука вязнем сумлення. У адпаведнай заяве арганізацыі яго прозвішча стаіць сярод 11 фігурантаў «справы 14-ці». Такім чынам спрацаваў палітычны фактар і ўвага ўплывовых міжнародных арганізацыяў да судовых працэсаў з палітычным адценнем прыносіць пэўны вынік.
Аднак, на жаль, Максім Дашук, па-ранейшаму застаецца вязнем сумлення, а гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні».
У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Максім Дашук заявіў, што суд над ім быў фармальнасцю.
«Сённяшні суд - гэта чыстая фармальнасць, -- сказаў вязень сумлення. -- Я не магу сказаць, што не рады прысуду. Я чакаў, што мне могуць даць турэмны тэрмін».
У той жа час Максім Дашук не расцэньвае судовы прысуд як акт гуманізму беларускіх уладаў. На думку моладзевага актывіста, улады падлашчваюцца да Еўрапейскага Звязу, ствараючы выгляд змякчэння рэпрэсіяў.
«Я лічу, што прысуд застаўся без зменаў, -- заяўляе Дашук. -- Гэта своеасаблівы штраф, які плацяць беларускія ўлады Еўропе».
Нягледзячы на тое, што «Міжнародная амністыя» патрабавала вызваліць фігурантаў «справы 14-ці» ад пакарання, гэтага не адбылося. Апазіцыянер лічыць, што тым самым беларуская сістэма паказвае сваю няздольнасць да кардынальных зменаў.
«Улады самі сябе зняважылі. Яны хацелі забіць двух зайцоў адначасова. Але, як мы бачым, з удзельнікаў «Працэсу 14-ці» не збіраюцца здымаць пакаранні», -- заяўляе Дашук.
Адзначым, што асуджанага на «Працэсе 14-ці» Максіма Дашука абвінавачвалі ў парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання (артыкул 415 КК РБ).
У 2008 годзе Максім Дашук быў прысуджаны да 1,5 гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
У траўні 2009 года праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Дашука вязнем сумлення. Разам з ім вязнямі сумлення былі прызнаныя яшчэ 10 удзельнікаў «справы чатырнаццаці».
«Міжнародная амністыя» накіравала генеральнаму пракурору Беларусі ліст, у якім паінфармавала Рыгора Васілевіча пра сваё рашэнне і патрабуе вызваліць названых фігурантаў «справы чатырнаццаці» ад пакарання. У лісце падкрэслівалася, што гэтыя маладыя людзі былі пакараныя за ажыццяўленне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду меркаванняў.