Двум фігурантам «Працэсу 14-ці» змякчылі рэжым пакарання
- 15.06.2009, 17:06
Суд Цэнтральнага раёна Менска разгледзеў прапановы супрацоўнікаў міліцыі аб змякчэнні ўмоваў адбыцця пакарання Алесю Стральцову і Алесю Чарнышову.
Як паведамляе «Радыё Свабода», ім заставалася адбываць абмежаванне волі 1 год, два месяцы і 15 дзён. Суд замяніў абмежаванне волі на выпраўленчыя працы. Цяпер падчас гэтага тэрміна маладыя людзі будуць плаціць па 15% зарплаты дзяржаве.
Летась Стральцова і Чарнышова пакаралі абмежаваннем волі на паўтары гады па «справе 14-ці», абвінаваціўшы іх у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас акцыяў прадпрымальнікаў.
Нягледзячы на тое, што зараз свабода Алеся Чарнышова і Алеся Стральцова не абмежаваная, яны не маюць права без дазволу пакідаць межы краіны.
Адзначым, што 11 чэрвеня быў амніставаны яшчэ адзін удзельнік «Працэсу 14-ці», лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч. Амністыя была ўжытая, таму што апазіцыянер адбыў траціну пакарання (амаль 9 месяцаў) і артыкул, паводле якога ён быў асуджаны, не ўваходзіць у лік небяспечных.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суда 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.