Украіна гатовая заняць месца Беларусі на расейскім малочным рынку
13- 17.06.2009, 16:49
Міністр аграрнай палітыкі Ўкраіны Юрый Мельнік заявіў, што ўкраінская малочная прадукцыя можа замяніць беларускія тавары ў Расеі.
Аб гэтым паведамляе БелаПАН са спасылкай на РІА Новости.
«Я лічу, што сёння магчымасць павелічэння экспартных паставак з украінскіх прадпрыемстваў ёсць, калі расейскі бок прадэманструе такое запатрабаванне», — сказаў Мельнік.
Па ягоных словах, гаворка ідзе аб прадукцыі прыкладна 20 украінскіх прадпрыемстваў, якія прайшлі інспекцыйную праверку расейскіх спецыялістаў. «Гэта каля 20 прадпрыемстваў, якія маюць права на экспарт прадукцыі і праінспектаваныя расейскімі інспектарамі. Я думаю, што альбо за кошт павелічэння паставак гэтых прадпрыемстваў можна павялічыць, альбо можна прымаць рашэнні па тых прадпрыемствах, якія былі праінспектаваныя, але па якіх пакуль не прынятае рашэнне», — сказаў украінскі міністр.
Ён выказаў сумнеў у тым, што Ўкраіна павялічыць імпарт беларускай малочнай прадукцыі. Па ягоных словах, на сённяшні дзень такі імпарт з Беларусі стабільны. Разам з тым, дадаў міністр, «усё будзе залежыць ад таго, як адрэагуе рынак».
Некалькі год таму Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочнай і мясной прадукцыі з Украіны. Тады бакам атрымалася разрашыць сітуацыю, і з тых часоў падобных праблем паміж Кіевам і Масквой не ўзнікала.