Пацярпелая ад выбуху 4 ліпеня ў Менску пазбавілася працы
3- 18.06.2009, 10:50
29-гадовая Лілія Мельнік атрымала раненне ў калена і праз амаль год са дня выбуху працягвае праходзіць курс лячэння.
Самы цяжкі пацыент з пацярпелых ад выбуху на святочным канцэрце ў Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе лекарамі лякарні хуткай дапамогі больш не назіраецца, паведамляе «Інтэрфакс».
«Станіслаў Маёраў пацярпеў больш за ўсіх, перанёс некалькі найскладаных аперацый, лекары вынялі гайку з сэрца (выбухная прылада, якая спрацавала, была начыненая гайкамі). Але паправіўся, мабыць. Спачатку часта прыходзіў, а потым перастаў», - распавёў галоўны лекар лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка.
Як паведамлялася раней, С.Маёраў 1991 года нараджэння, быў найбольш цяжка пацярпелым ад выбуху 3-га ліпеня 2008 года на масавым мерапрыемстве па выпадку Дня Незалежнасці Беларусі.
Па інфармацыі беларускіх медыкаў, некаторыя раненні ад выбуху насілі вельмі цяжкі характар. У прыватнасці, у беларускія лякарні паступалі грамадзяне з пашкоджаннямі пячонкі і іншых унутраных органаў. Большасці пацыентаў аскепкі патрапілі ў ногі.
«Пасля выбуху мне далі трэцюю групу інваліднасці», - распавяла пацярпелая 29-гадовая Лілія Мельнік. Яна атрымала раненне ў калена і праз амаль год са дня выбуху працягвае праходзіць курс лячэння.
«Працу я, вядома, страціла, атрымліваю дапамогу. Каму патрэбен працаўнік, які раз на 2-3 месяцы кладзецца ў лякарню», - распавяла Л.Мельнік. Па ейных словах, лекары абнадзейваюць, што «праз пару год нага будзе паўнавартасна згінацца».
«Я атрымала кампенсаванне пасля выбуху - 7 мільёнаў беларускіх рублёў» , - паведаміла Л.Мельнік.
Нагадаем, што больш за 50 чалавек атрымалі раненні ў выніку выбуху, які адбыўся ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Менску падчас гулянняў па выпадку афіцыйнага Дня Незалежнасці. Сярод пацярпелых былі трое грамадзян Украіны і адна грамадзянка Расеі. У асноўным людзі атрымалі аскепкавыя раненні верхніх і ніжніх канечнасцяў.
Выбухная прылада спрацавала ў ноч на пятніцу ў раёне стэлы «Менск - горад-герой», размешчанай на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і праспекта Машэрава сталіцы Беларусі.
Праваахоўныя органы па факце інцыдэнту ўзбудзілі крымінальную справу, расследаванне па якой яшчэ праводзіцца.