9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Міжнародная амністыя»: Рада Еўропы павінная памятаць аб беларускіх палітвязнях

3

23 чэрвеня дэпутаты ПАРЕ будуць галасаваць па пытанні вяртання Беларусі статусу спецыяльна запрошанага.

Незалежна ад зыходу маючага адбыцца галасавання, праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікае Асамблею не адмаўляцца ад спроб пераканаць Беларусь у неабходнасці неадкладна абвясціць афіцыйны мараторый на вынясенне і прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, а ў перспектыве — адмяніць смяротнае пакаранне. Акрамя таго, Асамблеі варта далучыцца да заклікаў аб неадкладным і безумоўным вызваленні 11 чалавек, якіх Amnesty International лічыць вязнямі сумлення, вядзецца ў заяве арганізацыі, якую прыводзіць праваабарончы цэнтр «Вясна».

Смяротнае пакаранне

У 2008 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю чацвярых чалавек. Нягледзячы на паступовае памяншэнне колькасці пакаранняў смерцю і той факт, што з лютага 2008 годы смяротных пакаранняў не праводзілася, урад дагэтуль не ўвёў афіцыйны мараторый на выкананне смяротных прысудаў.

«Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады без прамаруджання абвясціць афіцыйны мараторый на вынясенне і выкананне ўсіх смяротных прысудаў, а ў перспектыве — адмяніць дадзеную меру пакарання, у адпаведнасці з рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі ААН 62/149 і 63/168, прынятымі ў 2007 і 2008 гадах. Смяротныя прысуды, вынесеныя ўсім вязням, якія знаходзяцца зараз у камеры смяротнікаў, неабходна неадкладна замяніць турэмным зняволеннем.

Вязні сумлення

11 маладых людзей, якія прынялі ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі 10 студзеня 2008 года, былі асуджаныя па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ім прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрміны ад паўтарох да двух год. Арцёму Дубскаму, Міхаілу Пашкевічу, Тацяне Цішкевіч, Паўлу Вінаградаву, Аляксею Бондару, Міхаілу Крываву, Алесю Стральцову і Алесю Чарнышову вынеслі прысуды ў красавіку 2008 года. Міхаілу Субачу і Максіму Дашуку прысуды абвясцілі ў маі 2008 года, а Аляксандру Баразенку — у снежні 2008 года. Умовы ўтрымання асуджаных да абмежавання волі носяць настолькі абмежавальны характар, што «Міжнародная амністыя» прыраўноўвае іх да адной з форм пазбаўлення волі.

Асобы, прысуджаныя да абмежавання волі, абавязаныя стала знаходзіцца дома, калі яны не на працы, па патрабаванні праходзіць аналізы на алкаголь і наркотыкі і рэгулярна адчытвацца перад супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Ім забараняюцца любыя паездкі, акрамя як на працу або вучобу, пры гэтым яны не маюць права перавышаць час, адпушчаны на дарогу. Ім забараняецца наведваць спартовыя ўстановы, прысутнічаць на спартовых мерапрыемствах і іншых выступах, а таксама знаходзіцца ў камерцыйных установах, дзе прадаюцца спіртныя напоі, і ў гасцях у іншых асоб. Любое парушэнне ўмоваў цягне папярэджанне, а пасля трох папярэджанняў ім пагражае крымінальная адказнасць за парушэнне рэжыму. Адказны супрацоўнік міліцыі можа змяняць умовы адвольным чынам, чаму асуджаным яшчэ цяжэй іх выконваць.

«Міжнародная амністыя» лічыць, што гэтыя 11 маладых людзей з'яўляюцца вязнямі сумлення, асуджанымі за мірнае ажыццяўленне права на свабоду сходаў і выразу меркаванняў, і заклікае да іх безумоўнага і неадкладнага вызвалення.

Арганізацыя заклікае беларускі парламент і органы ўлады вырашыць гэтыя пытанні, што выклікалі занепакоенасць, і тым самым выразна прадэманстраваць сваё імкненне адпавядаць стандартам Рады Еўропы ў галіне правоў чалавека.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках