9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка падмануў Хаўера Салану

10

Праваабаронцам з краін Еўрапейскага Звяза па-ранейшаму не выдаюць беларускія візы і не ўпускаюць у краіну.

Яшчэ ў лютым пасля прыезду вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па знешняй палітыцы і бяспекі Хаўера Саланы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рух Беларусі і ЕЗ насустрач адзін аднаму паскорыцца і адносіны палепшацца. А на самой сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ кіраўнік Беларусі падкрэсліў гатовасць наладжваць шчыльныя і даверныя ўзаемаадносіны з Еўрапейскім Звязам.

На нядаўняй сустрэчы з еўракамісарам Бенітай Ферэра-Вальднер з вуснаў беларускага кіраўніка ізноў гучалі заявы, што Беларусь шчыра хоча пабудаваць з Еўразвязам добрыя адносіны.

Аднак заяўленая ўладамі лібералізацыя ніяк не ўплывае на кантроль над грамадствам.

Як паведамляе «Еўрарадыё», дагэтуль прадстаўнікам структур, якія супрацоўнічаюць з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, адмаўляюць у візах. Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Сцефановіч паведаміў, што генеральны сакратар швецкага Хельсінскага камітэта Роберт Хорт не змог атрымаць візу ў нашу краіну. Зусім нядаўна ў візе адмовілі супрацоўніцы камітэта Ёане Курач. Яна сутыкаецца з адмовай трэці раз, прычым толькі сёлета яна падавала дакументы на візу двойчы.

«Працягваецца гэтая палітыка без якіх-небудзь змен. Прынамсі, я ведаю, што нашым партнёрам у Беларусь візы дагэтуль не даюць, прычым не даюць ужо на працягу даволі доўгага часу. Пацяпленне вельмі ўмоўнае — здалёк, можа, і бачна, што гэтае пацяпленне, у нас-та знутры яно вельмі адноснае. Можна сказаць, што колькасць рэпрэсій паменшылася, але казаць, што кантроль над грамадствам паменшыўся або нейкія сістэмныя змены адбыліся, не прыходзіцца. КДБ сядзіць на месцы, КДБ працуе», -- кажа праваабаронца.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік цэнтра «Вясна», удакладніў, што візы не выдаюць тым, хто займае актыўную грамадскую пазіцыю: гэта, па меркаванні праваабаронцы, беларускія ўлады лічаць для сябе небяспечным.

«Так, замежнікаў не пускаюць, гэтая практыка працягвалася да апошняга часу. На працягу апошняга часу не атрымаў візу грамадзянін Швецыі Марцін Угла. Ён не адзін год супрацоўнічаў з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Як мы мяркуем, гэта звязана з ягонай актыўнай грамадскай дзейнасцю, якую беларуская ўлада лічыць небяспечнай для сябе», - кажа Бяляцкі.

Грамадскі актывіст Юрый Чавусаў распавёў, як увесну ў Беларусь не змог патрапіць цэлы шэраг замежнікаў. Усе яны былі запрошаныя на сход Асамблеі няўрадавых аб'яднанняў і ініцыятываў. У спіс патрапілі нават тыя, хто раней без праблем наведвалі Беларусь, — у тым ліку прадстаўнік галандскай амбасады ў Варшаве Лукаш Бырскі. Па-ранейшаму адмаўляюць тым асобам, якія і раней знаходзіліся ў гэтых спісах неўяздных, — напрыклад, Дэвіду Хемілтону з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ў Кіеве.

Тым часам Міністэрства замежных спраў адмаўляецца даваць каментары аб тым, каго і па якіх прычынах не пускаюць у Беларусь.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках