У Кіеве пашкодзілі кувалдай галаву Леніну (Фота, вiдэа)
20- 30.06.2009, 11:59
30 чэрвеня, у дзень нараджэння галоўнага камандзіра УПА Рамана Шухевіча, у 4:20 раніцы невядомыя сур'ёзна пашкодзілі помнік Леніну на Бесарабцы ў Кіеве.
Пра гэта паведамляе сайт Карэспандэнт.net са спасылкай на блогера bilozerska.livejournal.com.
Паводле звестак ЖЖ-юзэра, маладыя людзі залезлі наверх па драбінах, кувалдай пашкодзілі Леніну твар і адбілі руку.
Пасля гэтага прыбыла міліцыя, і затрымала маладых людзей. Акцыю арганізавалі сябры Кангрэса ўкраінскіх нацыяналістаў на чале з Мікалаем Каханоўскім.
Помнік Леніну насупраць Бесарабкі уяўляе гістарычную каштоўнасць і занесены ў міжнародны каталог ЮНЭСКА.
Акцыя была прымеркаваная да дня нараджэння кіраўніка Украінскай паўстанцкай арміі Рамана Шухевіча, якому 30 чэрвеня споўнілася б 104 гады.
Прэзідэнт Віктар Юшчанка раней заклікаў суграмадзянаў знішчыць усе помнікі камуністычнага рэжыму на тэрыторыі Украіны.
Жыхары краіны з энтузіязмам успрынялі заклік кіраўніка дзяржавы: кіеўскі Ленін стаў на Украіне ўжо чацвёртым, пашкоджаным у 2009 годзе.