Гомельскія апазіцыянеры спынілі галадоўку
7- 30.06.2009, 15:12
Лідэр гомельскай апазіцыі Уладзімір Кацора, які быў арыштаваны за акцыю ў памяць зніклага 10 гадоў таму генерала Юрыя Захаранкі, спыніў сухую галадоўку, якая доўжылася шэсць дзён.
Пра спыненне галадоўкі заявілі і іншыя прадстаўнікі гомельскіх дэмсілаў.
У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з удзельнікаў галадоўкі, старшыня гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, заявіў, што такое рашэнне было прынятае ў сувязі са станам здароўя Уладзіміра Кацоры, якое пагоршылася.
«Справа ў тым, што сёння ўжо шосты дзень сухой галадоўкі і яна пагражае для Уладзіміра Кацоры вельмі сур'ёзнымі наступствамі», -- сказаў Васіль Палякоў.
Па словах Палякова, удзельнікі галадоўкі, якія былі незаконна асуджаныя за ўдзел у мірнай акцыі, падавалі касацыйную скаргу ў Абласны суд на рашэнне Цэнтральнага суда Гомеля. Акрамя таго апазіцыянеры звярнуліся ў абласную пракуратуру Гомеля, у Генпракуратуру, а таксама ў Вярхоўны суд Беларусі.
З Абласнога суда прыйшоў адказ, што касацыйная скарга будзе разгледжаная 22 ліпеня, нягледзячы на просьбы апазіцыянераў разгледзець скаргу як мага хутчэй у сувязі са станам здароўя Уладзіміра Кацоры, які пагоршыўся. З іншых інстанцыяў ніякіх адказаў і зусім не прыйшло.
«Улады ў чарговы раз паказалі, што не гатовыя да лібералізацыі, -- заявіў Васіль Палякоў. -- І што правы чалавека для іх як нічога не каштавалі раней, так нічога і не каштуюць зараз. Ніводнага адказу мы не атрымалі. Улады нават не звярнулі ўвагу на факт сухой галадоўкі Уладзіміра Кацоры. Калі Абласны суд вынес цынічнае рашэнне разглядаць касацыйную скаргу толькі 22 ліпеня, мы вырашылі спыніць галадоўку, каб не рызыкаваць здароўем і жыццём чалавека».
Як распавёў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97Уладзімір Кацора, на гэты момант ён пачаў паступова выходзіць з сухой галадоўкі.
«Две гадзіны таму я пачаў піць ваду, ціск нармальны, -- сказаў апазіцыянер. -- Трымаць сухую галадоўку да разгляду касацыйнай скаргі я не магу. Спыняю галадоўку, таму што фактычна апынуўся перад жорсткім выбарам - альбо галадаць, альбо паміраць».
Нагадаем, што 25 чэрвеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Марына Дамненка пакарала ўдзельнікаў акцыі ў памяць генерала Юрыя Захаранкі штрафамі. Кацора быў арыштаваны на трое сутак. У зале паседжанняў палітык у знак пратэсту супраць рашэння суду абвясціў сухую галадоўку. 26 чэрвеня да галадоўкі далучыліся ўдзельнікі акцыі Васіль Палякоў, Анатоль Паплаўны, Юры Захаранка і Пётр Кузняцоў, а таксама салідарныя з імі Уладзімір Сякерка, Валеры Рыбчанка і Святлана Міхальчанка.
Пасля вызвалення з ІЧУ Кацора працягнуў галадоўку. Ён праводзіў яе ў офісе арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. 29 чэрвеня ў сувязі з пагаршэннем стану да яго выклікалі «хуткую дапамогу». Пасля агляду лекар выклікаў нарад міліцыі для прымусовай шпіталізацыі. Міліцыянты ўзялі заяву ад Кацоры аб адмове ад шпіталізацыі.