19 красавiка 2024, Пятніца, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя гучныя беларускія перформансы (Фота)

2

Труна ў ажыўленным маршруце тралейбуса, возік навозу каля адміністрацыі прэзідэнта, голыя мужчыны у ластах у Нацыянальнай бібліятэцы…

На развітанне паміраючаму ў нашай краіне віду сучаснага мастацтва – перформансу – газета «Салідарнасць» узгадвае самыя яскравыя акцыі беларусаў.

Літаратары Зміцер Вішнёў і Ілля Сін адзначаюць, што росквіт перформансаў у Беларусі прыпаў на сярэдзіну 90-х. З’явіліся новыя аўтары, якія вывелі перформансы на высокі ўзровень, на фестывалі гэтага віда сучаснага мастацтва збіралася па 200-300 чалавек. Але вось беларуская спецыфіка: з-за той няпростай атмасферы, што панавала ў грамадстве, многія акцыі мелі палітычны падтэкст, лічыць літаратар Юрась Барысевіч.

З гадамі цікавасць да гэтага віда сучаснага мастацтва ў Беларусі па розных прычынах паменела, больш папулярнае месца заняў флэш-моб.

Зашыванне рта, 1997 год

30 жніўня 1997 года беларускія журналісты правялі акцыю ў абарону свабоды слова. Па дарозе на плошчу Бангалор трынаццаць журналістаў у знак салідарнасці з карэспандэнтам тэлеканала ОРТ Паўлам Шараметам, які ў той час знаходзіўся ў зняволенні, апрануліся ў турэмныя робы і неслі імправізаваныя краты.

Падчас мітынгу на плошчы паэт Славамір Адамовіч, які да гэтага адседзеў 10 месяцаў за публікацыю верша «Убей президента», правёў уласную акцыю: ён дастаў з кішэні іголку з ніткай і зашыў сабе рот.

Праз некалькі год паэт папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі, дзе зараз і жыве.

«На хвалях шкла», 1999 год

У 1999 годзе яшчэ ў старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі праходзіла міжнародная выстава сучаснага мастацтва маладых мастакоў. Зміцер Вішнёў і перформанс-група «Cпецбрыгада афрыканскіх братоў» выступілі з перформансам «На хвалях шкла». Паэт і яго таварыш у ластах і нырцавальных масках сядзелі ў тазіку з вадой, пускалі бурбалкі і білі лямпачкі. «Пляскат маіх ластаў выявіў рэаліі нашага жыцця, якія мы бачым штохвілінна праз фотаапараты, тэлебачанне, акуляры, вокны аўтамабіляў…» – напісаў пасля Вішнёў, тэмай перформанса якога быў пацыфізм.

Але рэзананс быў адваротны: дзяржаўнае радыё нечакана абвінаваціла перформераў у тым, што яны распрануліся дагала пад вокнамі адміністрацыі прэзідэнта (стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі выходзіць да яе вокнамі) і… заклікалі NATO бамбіць Югаславію.

«Падарунак прэзідэнту», 21 ліпеня 1999 года

21 ліпеня 1999 г. скончыліся паўнамоцтвы першага прэзідэнта Беларусі па Канстытуцыі 1994 года. Мастак Алесь Пушкін выршыў адзначыць гэтую дату і апоўдні ў вышыванай народнай кашулі і белых пальчатках падкаціў да адміністрацыі кіраўніка дзяржавы чырвоны возік гною. На возіку таксама знаходзіўся партрэт Аляксандра Лукашэнкі, новыя грашовыя купюры, надрукаваныя за час ягонага кіравання, сімволіка савецкай Беларусі, кайданкі і ланцугі. Пушкін усё гэта вываліў перад уваходам у адміністрацыю і прабіў партрэт віламі да гною.

За перформанс, як за злоснае хуліганства, мастаку свяціла пяць гадоў турмы. Але яго абаронцам удалося даказаць, што гэта была не палітычная, а мастацкая акцыя. Перформер атрымаў два гады ўмоўна.

«Культ асобы», 1999 год

У 1999 годзе Зміцерам Вішнёвым был распачата серыя перформансаў пад агульнай назвай «Культ асобы». Падчас аднаго з іх паэты ён, а таксама Віктар Жыбуль і Зміцер Серабракоў набылі ў пахавальнай канторы каля станцыі метро Пушкінская труну, якую вынеслі на вуліцу на сваіх руках. «Абліваліся мядовым потам, лаяліся, палілі, пілі піва і пляваліся. І калі думалі, што здохнем… прыйшоў тралейбус», – узгадваў затым у сваёй кнізе Вішнёў. На тралейбусе № 13, а затым зноў на руках труна была дастаўлена ў Дом літаратара. Як пісала газета «Вечерний Минск», саправаджалася гэтая вандроўка не адной істэрыкай тых, хто быў вакол.

Саюз пісьменнікаў быў абураны выхадкай свайго літкансультанта і праз два тыдні Зміцера Вішнёва вынеслі ў рытуальнай канструкцыі да Палаца мастацтва, дзе праходзіў першы міжнародны фестываль перформнсу « Навінкі».

«Гуканне Лукашэнкі», 2000 год

Як узгадвае літаратар Юрась Барысевіч, у 2000 годзе прафесар Адам Мальдзіс звярнуўся ва ўрад з ініцыятывай пераносу загараднай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі з Драздоў у Лошыцкі парк. Перформеры вырашылі адказаць на гэты праект акцыяй «Гуканне Лукашэнкі». Па звестках Юрася Брысевіча, музыкі гурту «Сонца-Кветкі» і артысты Тэатру Псіхічнае Неўраўнаважанасці (прадстаўнік апошніх Ілля Сін «Салідарнасці» свой удзел у гэтай акцыі не падцвердзіў) узлезлі ўначы на дрэвы Лошыцкага парку і некалькі гадзін спявалі «патрыятычныя» песні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках