Яўген Еўтушэнка аб «Славянскім базары»: Я даўно не сутыкаўся з такой колькасцю безгустоўнасці
14- 13.07.2009, 15:55
Вядомы расейскі паэт Яўген Еўтушэнка выказаў сваё меркаванне аб фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску.
Яўген Еўтушэнка выказаў сваё здзіўленне таму, што на «Славянскім базары» так мала часу надаюць літаратуры, паведамляе БелаПАН.
«Шкада, што за ўсе 18 год я першы госць з пісьменнікаў, -- сказаў ён на сустрэчы з журналістамі ў трэці дзень фестывалю. -- Я ведаў, што адбываецца ваш фестываль, і крыху дзівіўся, што за столькі год мяне ні разу не запрасілі ў Беларусь, перад якой я, здаецца, ні ў чым не правініўся. Абавязкова трэба запрашаць добрых майстроў слова, — прапанаваў ён. — Трэба развіваць літаратурную частку фестывалю».
Еўтушэнка прагледзеў увесь канцэрт адкрыцця фестывалю і раскрытыкаваў яго «ў пух і прах»: «Мне спадабалася шматлікае! Толькі шэсць выступленняў з усяго вялікага канцэрту. Усе тэксты песень былі непрафесійнымі — гэта, мякка кажучы, часам шакуюча непрафесійнымі. Я даўно не сутыкаўся з такой колькасцю безгустоўнасці».
Трэці дзень фестывалю прысвяцілі Латвіі. На прэс-канферэнцыі выканаўцаў гэтай краіны кампазітар Райманд Паўлс, які сачыў за конкурсам маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2009», таксама не змог утрымацца ад крытыкі. Кампазітар упэўнены, што залішні ціск рэжысёраў і прадзюсараў конкурсу перашкаджае выканаўцам самавыявіцца. Па ягоным перакананні, рэжысёр камандуе спеваку, што спяваць і дзе стаць. Яшчэ адзін недахоп мерапрыемства — дрэнныя канферансье. «Гэтыя вядучыя мне на нервы дзейнічаюць. Хоча сказаць нешта дасціпнае, а атрымліваецца дурасць, — раздражнёны маэстра. — Усё гэта ўжо патыхае нафталінам. Змяняцца трэба!».
Два дні на сцэне летняга амфітэатра ў якасці канферансье выступалі Аліна Краўцова і Дзяніс Дудзінскі ад Беларусі і Аксана Фёдарава і Зміцер Губерніеў ад Расеі. Працуючы з канкурсантамі не першы дзень, Аліна Краўцова няправільна прамаўляла іх прозвішчы, а Дзяніс Дудзінскі так і не адважыўся выправіць напарніцу.