У Вільнюсе прайшла акцыя-перфоманс у падтрымку змагароў за свабоду Беларусі (Фота)
2- 17.07.2009, 13:39
У Дзень салідарнасці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі правялі ў Вільнюсе акцыю ў памяць аб выкрадзеных палітыках.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» таксама прысвяцілі сваю акцыю фігурантам «Працэсу 14-ці», пераследу апазіцыі ў нашай краіне і арыштаваным ваўкавыскім прадпрымальнікам, якіх знаходзяцца ў менскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, паведамляе f-fight.org.
Маладыя людзі сабраліся на плошчы і выклалі са свечак лічбу 16, раздалі ўлёткі з інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Акцыя суправаджалася перфомансам: чатыры постаці, пакрытыя прасцінамі, стаялі моўчкі як знакі зніклых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Перад імі на каленах стаялі людзі, схіляюцца перад мужнасцю тых, хто змагаўся і змагаецца з несправядлівасцю і за гэта падвяргаецца пераследу з боку ўлад.



