Распараджацца спадчынай Патаркацішвілі будзе Джозаф Кей
1- 2.07.2009, 10:22
Тбіліскі апеляцыйны суд пакінуў у сіле рашэнне гарадскога суду аб даванні права на выкананне тэстаманту мільярдэра Бадры Патаркацішвілі яго далёкаму сваяку, бізнэсмэну, грамадзяніну ЗША Джозафу Кею.
Такім чынам, на працэсе ў сераду апеляцыйны суд адмовіў у пазове ўдаве Патаркацішвілі Іне Гудавадзэ. Яна сцвярджала, што Кей падаў фальшывы тэстамант Патаркацішвілі, у якім яму даецца права распараджацца спадчынай памерлага летась у Лондане мільярдэра.
Напярэдадні ў Менску пасля сустрэчы з кангрэсменамі ЗША Аляксандр Лукашэнка вызваліў пасля паўтарох гадоў зняволення адваката Джозафа Кея Эмануіла Зельцэра, які, паводле сцверджання бізнэсмэна, мае на руках арыгінал тэстаманту Патаркацішвілі, у якім яму дадзена права распараджэння гэтай маёмасцю.
На спадчыну Бадры Патаркацішвілі таксама прэтэндуе гнаны расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, якога звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам даўнія адносіны. Арышт Зельцэра ў Менску, на думку назіральнікаў, быў праведзены менавіта па просьбе алігарха.