У Парыжы, Берліне і Берне прайшлі акцыі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (Фота)
- 2.07.2009, 15:09
Актывісты праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» правялі пікеты ў знак пратэсту супраць ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі.
«Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады абвесціць мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання як першы крок да яго адмены, і без прамаруджання замяніць пакаранне ўсім асуджаным на смяротнае пакаранне тэрмінамі турэмнага зняволення, паведамляе «Салідарнасць».
Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі, у 2008 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю чатырох чалавек. «Нягледзячы на паступовае змяншэнне колькасці пакаранняў смерцю і той факт, што з лютага 2008 года пакаранні смерцю не праводзіліся, урад дагэтуль не ўвёў афіцыйны мараторый на выкананне смяротных прысудаў», — канстатуе «Міжнародная амністыя».
Раней «Міжнародная амністыя» звярнулася да «парламента» і органаў улады Беларусі з заклікам «вырашыць гэтыя пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць, і тым самым выразна прадэманстраваць сваё імкненне адпавядаць стандартам Рады Еўропы ў галіне правоў чалавека».
23 чэрвеня ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, паводле якой беларускі «парламент» атрымае статус спецыяльнага запрошанага толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Аднак ужо праз тыдзень у Берасцi быў вынесены чарговы смяротны прысуд мужчыну, які абвінавачваецца ў здзяйсненні шэрагу забойстваў.
Чарговы пікет актывістаў праваабарончай арганізацыі адбудзецца ў Вене 3 ліпеня.

Актывісты «Міжнароднай амністыі» каля будынка амбасады Беларусі ў Берліне

Актывісты «Міжнароднай амністыі» каля будынка амбасады Беларусі ў Берне

Актывісты «Міжнароднай амністыі» каля будынка амбасады Беларусі ў Парыжы