Беларусы свету асудзілі масавыя арышты ў Дзень салідарнасці
11- 20.07.2009, 11:26
На з'ездзе беларусаў свету «Бацькаўшчына» прынятая рэзалюцыя, якая асуджае арышты ўдзельнікаў акцыяў салідарнасці з палітвязнямі.
«16 ліпеня 2009 года падчас правядзення мірнай акцыі Салідарнасці з сем'ямі зніклых і палітвязнямі спецназам міліцыі былі праведзеныя масавыя затрыманні ўдзельнікаў – больш за 60 чалавек на вуліцах Менска, Віцебску і Баранавічаў. Мы звяртаемся да ўладаў з патрабаваннем правесці аб'ектыўнае расследаванне гэтых фактаў і прыняцця ў выпадку неабходнасці прадугледжаных законам мераў па прыцягненні вінаватых да юрыдычнай адказнасці», -- кажацца ў рэзалюцыі з'езду беларусаў свету, тэкст якой быў перададзены сайту www.charter97.org.
Нагадаем, што V з'езд беларусаў свету, які прайшоў у Менску 18-19 ліпеня, таксама прапанаваў уладам стварыць пасведчанне беларуса замежжа. На думку ўдзельнікаў з'езду, такое пасведчанне павінна дапамагчы этнічным беларусам пры наведванні імі гістарычнай радзімы. У прыватнасці, ім плануецца дазволіць атрымліваць шматразовую беларускую візу на ільготных умовах, не рэгістравацца пасля прыбыцця ў Беларусь, мець доступ да адукацыі і медыцынскай дапамогі нароўні з грамадзянамі Беларусі і інш.
Акрамя таго, з'езд прыняў звароты да розных дзяржаўных органаў аб стварэнні ўстановаў па справах беларускай дыяспары, ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падтрымцы беларускамоўных СМІ, тэле- і радыёпраграмаў за межамі Беларусі, захаванні і падтрымцы Беларускага дома — культурна-асветніцкага цэнтра Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Былы старшыня аб'яднання «Бацькаўшчына» Алесь Марачкін у інтэрв'ю сайту www.charter97.org адзначыў важнасць прыняцця на з'ездзе рэзалюцыі з асуджэннем палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
«З'езд адбыўся, было абранае новае кіраўніцтва, але фактычна яно апынулася «новым старым», -- заявіў Алесь Марачкін. -- На паседжанні большасць выказалася за Алену Макоўскую. У прынцыпе, нічога не змяняецца. Новыя кіраўнікі - мэнэджэры высокага класа, якія могуць арганізаваць «дыялог» з уладамі. Аднак у гэтай сітуацыі, акрамя «салодкага перніка», павінна быць падрыхтаваная «пуга». Улады б задаволіла кіраваная грамадская арганізацыя. Яны будуць рабіць усё, каб не было ні кроку направа, ні кроку налева. Я непакоюся, што арганізацыя можа стаць кіраванай. Магчыма, што разам з інтэрасамі арганізацыі свае інтэрасы будуць прасоваць улады. Прэс-канферэнцыя з чыноўнікамі падчас з'езду беларусаў свету - гэта знак. Знак дыялогу. Але пры гэтым, дыялогу не на роўных. Таму што наперадзе прэзідэнцкія выбары, а ў нашую раду ўваходзяць палітычна заангажаваныя людзі. Адны выступаюць за дыялог з уладамі, а іншыя - адстойваюць маральна-этычныя прынцыпы і патрабуюць рэальных, а не дэкаратыўных пераменаў у краіне.
У сваім на з'ездзе выступе я выказваўся па праблеме палітвязняў, палітэмігрантаў, якія былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, -- кажа Алесь Марачкін. -- Шматлікія ўдзельнікі з'езду хацелі гэтае пытанне замяць. Яны сталі казаць, што мы не палітычная арганізацыя. Але няўжо мы апалітычныя? Мы павінны выказвацца па праблемах, якія існуюць у Беларусі. Казаць пра рэальныя праблемы. На жаль, тэзісы з майго выступу не патрапілі ў рэзалюцыю. Такім чынам, там не сказана пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Не сказана пра дыктатуру, пра рэпрэсіі. Аднак з'езд выказаў сваю незадаволенасць паводзінамі сілавых структураў і ў сваёй рэзалюцыі асудзіў пераслед моладзевых актывістаў і жорсткі разгон мірных акцыяў, які меў месца 16 ліпеня гэтага года».
На думку Марачкіна, з'езд павінен узнімаць больш вострыя праблемы, якія адбываюцца ў Беларусі.
«Сёння беларусы знаходзяцца ў стане стагнацыі, -- заяўляе ён. -- Мы моцна адсталі ад еўрапейскіх краінаў і заяўляем аб «стабільнасці». Аднак яна нагадвае стабільнасць на руінах і могілках».