19 красавiка 2024, Пятніца, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Тарас: «Беларусы яшчэ сябе пакажуць»

34
Анатоль Тарас: «Беларусы яшчэ сябе пакажуць»

Вядомы беларускі выдавец, былы супрацоўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Анатоль Тарас дзеліцца сваімі ўспамінамі.

Нагодай для інтэрв’ю Анатоля Тараса «Нашай Ніве» сталі падзеі ў Кітаі. Для яго цяперашняе змаганне уйгураў за незалежнасць не стала навіной. У свой час, калі Тарас служыў у адной з частак сумнавядомага ГРУ, ён дастаўляў уйгурам зброю і вучыў ёй карыстацца.

-- Як Вы апынуліся ў Сіньцзян-Уйгурскай аўтаномнай акрузе?

-- Я быў там на пачатку 70-х. Савецкая вайсковая разведка тады намагалася стварыць у КНР сваю нелегальную сетку з кваліфікаваных агентаў і распрацаваць планы дзеянняў гэтай сеткі у «дзень Х». У наступныя часы уйгуры на гэтай аснове стварылі шэраг так званых «рэвалюцыйных арганізацый» (26 ці нават 27), якія разгарнулі ўзброены супраціў.

Сіньцзян [каланіяльная назва, «новая граніца» па-кітайску], або Усходні Туркестан [гэтай назве аддаюць перавагу самі уйгуры], гэта вялізная краіна – у асноўным стэп, горы і саланчаковыя паўпустыні. Кітайцы, якіх было не больш за 5% насельніцтва, не маглі кантраляваць гэтую тэрыторыю. Як кантраляваць краіну плошчай 1 мільён 647 тысяч кіламетраў? Гэта нерэальна. Таму яны кантралявалі гарады і руднікі, ахоўвалі транспарт, які возіць грузы.

-- Чаму Савецкі саюз тады дапамагаў уйгурам?

-- У адносінах да кожнага рэгіёну свету планаваліся розныя варыянты. У тым ліку на выпадак вайны з Кітаем. Шмат гадоў гэта было вельмі актуальна. Але пасля таго, як разваліўся сам Савецкі Саюз, уйгуры вырашылі заняцца узброенай барацьбой. Там было каля сотні розных лагераў, дзе праходзілі навучанне баевікі, існавалі нелегальныя структуры ў гарадах. Менавіта з таго часу там адбываецца вайна. Яна пачалася ў 1993 годзе. Але кітайцы нічога пра гэта не паведамляюць у сваіх СМІ. Яны паведамілі толькі цяпер аб сутыкненнях ва Урумчы, калі стала немагчыма гэта схаваць. Канечне, шанцаў ва уйгураў самастойна дабіцца незалежнасці няма ніякіх...

-- Што можа дапамагчы ім дабіцца перамогі?

-- Многія сур’ёзныя палітолагі даўно кажуць, што мы ўступілі ў паласу з’яўлення новых дзяржаваў. Спецыялісты мяркуюць, што Расія распадзецца адна з першых, таксама як і Кітай, Індыя. Што ўсе буйныя дзяржавы распадуцца. І ніякія ваенная сіла не ўтрымае. Таму што гэта працэсы, звязаныя з развіццём этнасаў. Я думаю, уйгуры будуць ваяваць і далей. Яшчэ шмат людзей загіне, шмат крыві пральецца, але ўрэшце рэшт яны вызваляцца ад кітайцаў. Недзе так гадоў праз 20—30.

-- Барацьба ідзе на ўздым?

-- Якраз цяпер яна часова згасае. У 1993 годзе ваенныя дзеянні былі актыўныя. Кітайцы кінулі туды шмат войскаў, большую частку партызанаў знішчылі. Але падрастае новае пакаленне, прыходзіць новая хваля. Усе гэта скончыцца ці перамогай, ці фізічным знішчэннем усіх мясцовых жыхароў. Уйгурам няма чаго губляць.

-- Які быў самы жахлівы выпадак, які вы бачылі падчас прыбывання там?

-- Адзін раз прыйшлі ў стойбішча, дзе жылі людзі, і ўбачылі, што ўсе мёртвыя, ва ўсіх да аднаго адрэзаныя галовы, рукі, ногі. Мужчыны, жанчыны, дзеці — некалькі дзесяткаў. Там пабываў кітайскі атрад. Рашэнні прымаюцца на ўзроўні якога-небудзь камандзіра роты. Няма ніякіх межаў зверству.

-- Ці можна параўнаць уйгурскую сітуацыю з беларускай?

-- Згодна з прагнозамі некаторых навукоўцаў, у 2020 годзе (плюс-мінус год) мы ўбачым зусім іншую Беларусь і беларусаў. Калі параўноўваць з чалавечым узростам, дык наш этнас не дасягнуў яшчэ ўзроўню актыўнасці маладога чалавека. Мы зараз як бы дзеці, але дажываем апошнія гады гэтага дзяцінства. І гэты працэс вышэйшы за асобу. Вось, напрыклад, ёсць такая з’ява, калі жывёлы ідуць масава тапіцца. Лемінгі. Калі ўзяць кожнага лемінга паасобку, змясціць у клетку, ён будзе цудоўна жыць, ён зусім не жадае тапіцца. Але гэта масавы працэс, і ён там выступае як адзінка сістэмы. Так і нацыя: кожны асобны чалавек жадае рэалізаваць свае нейкія чалавечыя мэты і думае, што ён сам кіруе сваім жыццём. Але ў выпадку, калі мы глядзім на этнас як на масу, усё, чаго жадаем мы па асобку, не мае ніякага значэння. Прыходзіць час, і пэўная частка этнасу, яго пасіянарная частка (5-6%) «стварае надвор’е». У нас зараз, згодна з некаторымі падлікамі, колькасць пасіянарый не перавышае 3%. Нам патрэбна яшчэ 2%.

-- Што стане штуршком?

-- Што заўгодна. Ёсць вельмі добры прыклад. У 1917 годзе, у канцы лютага па старым стылі, у сярэдзіне сакавіка па новым, у Расіі адбылася рэвалюцыя. У студзені Ленін яшчэ казаў, што ўсё ціха, яго партыя не мае ніякіх перспектыў на рэалізацыю сваей «праграмы-мінімум». Але ў канцы лютага ў адной з чэргаў на Неўскім праспекце жанчынам не хапіла булак. Заўважце, булак, а не хлеба. І яны пачалі абурацца. І з гэтага пачалася рэвалюцыя! І наш этнас яшчэ выйдзе на авансцэну цалкам, і гэта адбудзецца ўжо вельмі хутка.

* * *

Анатоль Тарас

Нарадзіўся ў 1944 у вайсковай частцы ў Навабеліцы пад Гомелем, у сям’і кадравага афіцэра савецкай вайсковай разведкі. У 1963—66 служыў у асобным выведна-дыверсійным батальёне 7-й танкавай арміі. У 1967—75 удзельнічаў у некалькіх аперацыях ГРУ у розных рэгіёнах свету. У 1972 скончыў філасофскае аддзяленне БДУ; у 1979 — Акадэмію педагагічных навук у Маскве. Вывучаў метады псіхалагічнага ўздзеяння на праціўніка. Мае чорны пояс па дзю-дзюцу і в’ет-ва-дао. З 1992 займаецца выдавецкай дзейнасцю. Выдаваў часопісы “Кэмпо”, “Деды”. Пад рэдакцыяй Анатоля Тараса таксама выйшлі кнігі “Войны Маскоўская Русі зь Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV-XVIІ стагодзьдзях”, “Анатомія нянавісьці. Расейска-польскія канфлікты ў XVIII-ХХ стагодзьдзях”, “Гісторыя імпэрскіх адносінаў – беларусы і расейцы”.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках