25 красавiка 2024, Чацвер, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка жорстка пакараны за беларускую мову

52

23 ліпеня камандаванне вайсковай часткі ў Мазыры вынесла дысцыплінарнае спагнанне салдату тэрміновай службы Франаку Вячорку.

Яму будзе скарочаны адпачынак за ўвесь перыяд вайсковай службы да 5 сутак (наступнае і больш жорсткае пакаранне – гаўпвахта). Моладзевы актывіст Франак Вячорка пакараны за выкарыстанне каманды, аддадзенай на беларускай мове - «Зважай!» замест рускамоўнага «Смирно!».

Ініцыятыва пакарання належыць псіхолагу часткі, старэйшаму лейтэнанту Дзянісу Казаку. Адказнасць за пакаранне нясе намеснік камандзіра батальёна па ідэалогіі маёр Уладзімір Ігнацік, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ. Упершыню ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь беларускі салдат пакараны за выкарыстанне беларускай мовы.

«Пераследваць Франака за беларускую мову старэйшы лейтэнант Казак і прапаршчык Піскун пачалі каля месяца таму, -- кажа бацька моладзевага актывіста, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. -- На жаль, і камандзір батальёна ў Мазыры, і камандзір брыгады ў Баранавічах сышлі ў адпачынак. Напярэдадні я тэлефанаваў у Баранавічы падпалкоўніку Сяргею Грысюку, намесніку камандзіра брыгады па ідэалогіі, які цяпер выконвае абавязкі камандзіра. Я папярэдзіў яго аб парушэннях Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса, якія бачу ў пераследзе майго сына, і прасіў спыніць «моўны тэрор» і дыскрымінацыю ў Мазыры. Але, бачу, зварот дарэмны».

Вінцук Вячорка плануе звярнуцца ў пракуратуру па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 Крымінальнага кодэкса - распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці.

Адзначым, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладому чалавеку была дадзеная адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 г. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да ваеннай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда прымалася ў адсутнасці моладзевага актывіста і яго адваката. У канцы студзеня Франак Вяорка быў гвалтоўна адпраўлены ў армію.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках