10 чэрвеня 2026, Серада, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракаповіч: Забарона на выдачу валютных крэдытаў уведзеная раз і назаўжды

64
Пракаповіч: Забарона на выдачу валютных крэдытаў уведзеная раз і назаўжды

Старшыня Нацбанка заявіў, што не бачыць перадумоваў для вяртання да пытання валютнага крэдытавання.

«Я упэўнены, што прынятае рашэнне будзе дзейнічаць раз і назаўжды», - сказаў Пётр Пракаповіч на прэс-канферэнцыі ў Менску, каментуючы магчымае аднаўленне валютнага крэдытавання фізасобаў, перадае «Інтэрфакс».

Раней Нацбанк пазіцыянаваў гэтае рашэнне як часовое - да 1 студзеня 2011 года.

Калі насельніцтва будзе вельмі хацець атрымліваць валютныя крэдыты, дык мы разгледзім гэтае пытанне. Але я не бачу перадумоваў, што да гэтага пытання трэба будзе вяртацца ў пачатку 2011 года.

Усе прызвычаяцца і будуць ведаць, што насельніцтва крэдытуецца толькі ў нацыянальнай валюце», - сказаў кіраўнік Нацбанка.

Пракаповіч падкрэсліў, што забарона на крэдытаванне фізасобаў у замежнай валюце ўведзеная ў мэтах дэдаларызацыі эканомікі, што абумоўлена небяспекай высокай залежнасці ад ваганняў даляра ЗША і іншых рэзервовых валютаў. «Увесь свет сядзіць на даляравай іголцы. Ва ўмовах крызісу мы зрабілі для сябе выснову – дэдаларызацыя», - адзначыў ён.

Паводле яго словаў, стратэгічнай мэтай Нацыянальнага банка ў найбліжэйшыя 2-3 гады з'яўляецца абсалютная мінімізацыя выкарыстання замежных валютаў унутры краіны з тым, каб запатрабаванне ў замежнай валюце ўзнікала толькі ў выпадку выезду грамадзянаў Беларусі за межы краіны.

Пракаповіч таксама нагадаў, што «пра забарону на валютныя крэдыты для насельніцтва мы казалі яшчэ ў пачатку гэтага года». З улікам высокіх рызыкаў валютных крэдытаў у іх няма неабходнасці, лічыць ён. Пры гэтым П.Пракаповіч верыць, што «прыйдзе час, і беларускі рубель стане свабодна канвертаванай валютай, у нашых грамадзянаў адпадзе неабходнасць турбавацца за курс замежнай валюты».

Незалежныя эксперты заяўляюць, што забарона на валютнае крэдытаванне насельніцтва звязаная з рэзкім знішчэннем золатавалютных рэзерваў Беларусі. Аднак аналітык аднаго з прысутных у Беларусі замежных банкаў сёння заявіў агенцтву ПРАЙМ-ТАСС, што забаронамі крэдытаў, імпарту спажывецкіх тавараў праблему адмоўнага знешнегандлёвага сальда і «праядання» рэзерваў вырашыць немагчыма.

«Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная, а разавая яна будзе ці «паўзучая» - не так істотна. Хаця разавая была б больш пераважная з пункту гледжання эканоміі золатавалютных рэзерваў дзяржавы. Лагічна было б правесці дэвальвацыю ўжо ў жніўні, які славіцца сваімі «чорнымі» панядзелкамі і аўторкамі», - адзначыў эксперт.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках