9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі дэмакратычная апазіцыя атрымлівае шанец на выбарах – яна перамагае

13
Калі дэмакратычная апазіцыя атрымлівае шанец на выбарах – яна перамагае

Выбары ў Малдове – прыклад таго, што нават пры мінімальна свабодных выбарах аўтарытарныя рэжымы церпяць паразу.

Датэрміновыя парламенцкія выбары прайшлі ў Малдове 29 ліпеня. Гэта ўжо другія выбары сёлета. Пасля фальсіфікацыі вынікаў галасавання, якое прайшло у красавіку, сотні тысячаў малдаванаў вышлі на вуліцы Кішынёва з патрабаваннем правесці сапраўды свабодныя і празрыстыя выбары, якія адпавядаюць дэмакратычным стандартам АБСЕ. Супрацьстаянне доўжылася некалькі тыдняў, і рэжым Уладзіміра Вароніна вымушаны быў саступіць, прызначыўшы дату новых парламенцкіх выбараў.

Нельга сказаць, што цяперашнія выбары ў Малдове былі цалкам свабоднымі і дэмакратычнымі – праваабаронцы заяўлялі пра парушэнні на некаторых выбарчых участках, а напярэдадні з краіны былі высланыя незалежныя назіральнікі з Беларусі, Украіны, Казахстана і Расеі. Аднак адназначна можна сказаць, што парушэнні выбарчага заканадаўства не насілі такі татальны характар, як гэта, да прыкладу, адбываецца ў Беларусі на працягу 15 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

У абнаровадваным у чацвер у Кішынёве дакладзе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ кажацца, што датэрміновыя парламенцкія выбары ў Малдове адпавядаюць міжнародным стандартам. Арганізацыя адзначыла некаторую нераўнамернасць асвятлення партыяў у СМІ, а таксама асобныя выпадкі прымусу да галасавання за таго ці іншага кандыдата. Але заявіла: «Выбары былі вельмі добра арганізаваныя, давалі магчымасць палітычным партыям сапраўды канкураваць і адлюстроўвалі плюралізм поглядаў».

Вынік адносна вольнага волевыяўлення народа – кіруючая Партыя камуністаў Малдовы лідыруе на парламенцкіх выбарах, але апазіцыйныя партыі сумарна атрымліваюць у парламенце большасць галасоў.

Пасля падліку 97% бюлетэняў для галасавання камуністы набіраюць 45,1% галасоў ці 48 месцаў, Ліберальна-дэмакратычная партыя - 16,34% (17 месцаў), Ліберальная партыя - 14,4% (15 месцаў), Дэмакратычная партыя - 12,5% (13 месцаў) і альянс «Наша Малдова» - 7,4% (восем месцаў).

Камуністы будуць мець толькі 48 мандатаў са 101 месца ў парламенце, тады як чатыры апазіцыйныя партыі атрымалі ў агульнай колькасці 53 дэпутацкія месца.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Малдовы Улад Філат заявіў, што чатыры апазіцыйныя партыі пачалі кансультацыі пра стварэнне кіруючай кааліцыі.

«Я спадзяюся, што мы прыйдзем да пагаднення, але падкрэсліваю, што мы абмяркоўваем не пасады, не асабістыя прыхільнасці і не сімпатыі. Мы абмяркоўваем прынцыпы стварэння кааліцыі», - паведаміў Філат.

«Я віншую народ Малдовы з дасягнутай перамогай. Гэта перамога не ліберальна-дэмакратычнай партыі і не іншых апазіцыйных партыяў. Гэта перамога ўсяго грамадства. Упершыню за восем гадоў у Малдове перамагла дэмакратыя, і грамадства атрымала магчымасць свабоднага развіцця», - заявіў палітык.

Ён выказаў надзею, што «партыя камуністаў будзе паводзіць сябе цывілізавана, прызнае сваю паразу і пяройдзе ў апазіцыю».

Сітуацыя ў Малдове паказальная. Калі народ гатовы змагацца за свабоду, а міжнародная супольнасць выяўляе належную прынцыповасць, аўтарытарныя рэжымы саступаюць і вымушаныя ісці на правядзенне дэмакратычных выбараў. І тыя палітыкі з краінаў Еўропы і ЗША, якія сёння маюць намер працягнуць руку дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі толькі за ўключэнне ў сістэму распаўсюду двух малатыражных недзяржаўных газетаў ці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, павінны разумець, што станаўленне Беларусі на шлях дэмакратыі магчымае толькі ў адзіным выпадку – пры правядзенні свабодных выбараў. Другога не дадзена.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках