3 лiстапада 2023, Пятніца, 5:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіста Партыі БНФ звольнілі з працы за адмову ўступаць у «Белую Русь»

13

Пасля таго, як супрацоўнік Кобрынскага ЖКГ Аляксандр Страчук адмовіўся ўступаць у арганізацыю «Белая Русь», з ім не падоўжылі працоўны кантракт.

Студэнт-завочнік Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта, актывіст Партыі БНФ Аляксандр Страчук падчас летняй сесіі атрымаў паведамленне, што з ім не падаўжаюць працоўны кантракт. Малады чалавек працаваў у Кобрынскім ЖКГ на працягу года. Працоўны кантракт мінае 7 жніўня, і вестка аб яго непадаўжэнні Аляксандра Страчука здзівіла.

«Прэтэнзій на прадпрыемстве да мяне не было, -- распавёў Аляксандр Страчук у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. -- Пасля заканчэння ўніверсітэта нават абяцалі падвучыць. Ва ўсялякім разе, калі б у начальства ЖКГ былі да мяне прэтэнзіі, мяне бы выклікалі і адчытвалі. Але нічога гэтага не адбывалася».

Сваё звальненне Аляксандр Страчук звязвае з адмовай ад уступлення ў праўладавую арганізацыю «Белая Русь», якую ўзначальвае міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

«За два дні да сесіі нам прапанавалі ўступіць у «Белую Русь», -- заявіў актывіст Партыі БНФ. -- Я бы сказаў, што прапанавалі ў «добраахвотна-прымусовым» парадку. Начальнікам кожнага аддзела далі две заявы: адну – на ўступленне ў «Белую Русь», а другую, што ты згодзен, каб з цябе спаганялі ўдзельніцкія ўнёскі. Калі кіраўнік майго аддзела давала заявы, яна сказала, што ўступаць у «Белую Русь» трэба абавязкова, ледзь ці не пад пагрозай аб звальненні. Я адразу заявіў, што ўступаць не буду, бо гэта супярэчыць маім палітычным поглядам».

Па словах Аляксандра Страчука, шматлікія супрацоўнікі Кобрынскага ЖКГ выяўлялі абурэнне неабходнасцю ўступаць у «Белую Русь». Аднак усё ж такі падпісвалі заявы. У сваю чаргу Аляксандр Страчук вярнуў начальству пустыя бланкі. Неўзабаве пасля гэтага яму паведамілі, што з ім не падаўжаюць кантракт.

Як заяўляе актывіст Партыі БНФ, ён мае намер пісаць заяву на падаўжэнне працоўнага кантракту і абскардзіць звальненне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках